Вечар памяці Чаркашына і Ціліжэнкі прайшоў у Кіеве

27 верасня ў Кіеве па ініцыятыве Руху Салідарнасці “Разам” ва Украіне пры арганізацыйнай падтрымцы аргкамітэта па стварэнню Беларускай партыі Свабоды прайшоў вечар памяці добраахвотнікаў з тактычнай групы “Беларусь” ДУК “Правы Сектар”, што загінулі ў антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны — Віталя Ціліжэнкі і Алеся Чаркашына, якому ў гэты дзень споўнілася б трыццаць тры гады…



12029744_748103981978747_6010079305818020016_o.jpg

Падчас мерапрыемства былі прадэманстраваныя кліп на песню Алеся Чаркашына “Не здавайся!” і дакументальны фільм “Добраахвотнікі”.

На вечары выступілі старшыня АК БПС Сяргей Высоцкі, прэс-сакратар Руху Салідарнасці “Разам” ва Украіне Алег Аўчыннікаў, а таксама запрошаныя АК БПС госці — чалец Галоўнага Проваду Кангрэсу Украінскіх Нацыяналістаў Васіль Аўчарук, прадстаўнік УНСО Назар Прыходзька і добраахвотнік з тактычнай групы “Беларусь” ДУК ПС Ян Мельнікаў, які асабіста ведаў Алеся Чаркашына.

У сваім выступе Сяргей Высоцкі яшчэ раз падкрэсліў важнасць шчыльнага супрацоўніцтва народаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну супраць наступу расейскага імперыялізму, на перадавой барацьбы з якім цяпер знаходзіцца Украіна, а таксама звярнуў увагу прысутных на праблему адсутнасці якога-кольвек статусу ў беларусаў, што ваююць у складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў у зоне АТА.

Нагадаем, украінец Віталь Ціліжэнка, які з’яўляўся адным з ініцыятараў стварэння тактычнай групы “Беларусь”, загінуў 10 жніўня пад Белакаменкай. У тым жа баі быў цяжка паранены і памёр пасля некалькіх тыдняў комы 28 жніўня ў шпіталі ў Запарожжы беларус Алесь Чаркашын.

12031457_748103978645414_7717972111099974315_o.jpg