Amnesty International: Патрабуйце пачаць лячэнне праваабаронцы Марфы Рабковай у СІЗА

Amnesty International заклікае звярнуцца да генеральнага пракурора Беларусі з патрабаваннем аб аказанні медыцынскай дапамогі праваабаронцы Марфе Рабковай. Каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" больш за год утрымліваецца ў СІЗА-1, дзе ёй адмаўляюць у меддапамозе, пішуць праваабаронцы.

marfa_637_2.jpg

Марфа Рабкова — праваабаронца і каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра "Вясна". З верасня 2020 года яна знаходзіцца ў СІЗА. Ёй пагражае працяглае зняволенне толькі за тое, што яна займалася законнай праваабарончай дзейнасцю.

Нягледзячы на трывожныя сімптомы і пагаршэнне стану здароўя Марфы Рабковай, адміністрацыя СІЗА на працягу некалькіх месяцаў рэгулярна адхіляе просьбы праваабаронцы аб аказанні ёй медыцынскай дапамогі, у тым ліку неадкладнай стаматалагічнай дапамогі.

Праваабаронцы просяць дапамагчы ім дамагчыся ад беларускіх уладаў неадкладнага аказання Марфе Рабковай медыцынскай дапамогі. І заклікаюць накіроўваць звароты генеральнаму пракурору Беларусі з гэтым патрабаваннем.

Якім чынам гэта можна зрабіць?

• Запампуйце, раздрукуйце, падпішыце і адпраўце зварот з патрабаваннямі праз звычайную пошту.

• Або скапіруйце тэкст звароту і адпраўце праз электронную пошту: info@prokuratura.gov.by

Вы таксама можаце напісаць Марфе ліст салідарнасці:

Рабковай Марыі Аляксандраўне 1995 г.н.

СІЗА-1, вул. Валадарскага., д. 2, Мінск, Беларусь, 220030