У Беларусі яшчэ пяць новых палітвязняў
Ірына Пярцова, Павел Сакалоў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова і Арцём Латышаў прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, што пераслед і пазбаўленне волі Ірыны Пярцовай, Паўла Сакалова, Кацярыны Макарэвіч, Юліі Лабуновай, Арцёма Латышава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі.
Ірына Пярцова, Павел Сакалоў і Кацярына Макарэвіч абвінавачваюцца ў стварэнні і кіраўніцтве дзейнасцю груп у месэнджары Telegram. Прычым крымінальная справа распачатая, абвінавачанне выстаўленае, і гэтыя людзі пазбаўленыя волі да прызнання іх чатаў і груп экстрэмісцкімі фармаваннямі, адзначаюць праваабаронцы.
Ірына Пярцова, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў былі прыцягнутыя да адказнасці і змешчаныя пад варту паводле ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства) за перформанс, падчас якога на надмагільным крыжы замацавалі таблічку з надпісам "Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч 30.08.1954-30.08.2021" і партрэт Лукашэнкі А.Р. з чорнай стужкай, адкаркавалі бутэльку шампанскага і вылілі змесціва на паверхню магілы.
Варта падкрэсліць, адзначаецца ў заяве праваабарончых арганізацый, што ў дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях".
“У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаны”, — гаворыцца ў заяве.
У сувязі з гэтым праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.