Вольга Гарбунова трымае галадоўку на Акрэсціна
Актывістка Вольга Гарбунова, якая знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, галадуе ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання.
Пра гададоўку актывісткі паведамілі выданню Reform.by яе сяброўкі пасля таго, як учора ўвечары Гарбунову наведаў адвакат.
Паводле інфармацыі ад абаронцы, Гарбунова галадае з моманту затрымання — гэта значыць з 9 лістапада, яна толькі п'е ваду. Пры гэтым жанчына паведаміла, што адчувае сябе нармальна, і дзякавала ўсім за падтрымку.
Таксама стала вядома, што блізкія змаглі перадаць Вользе толькі лекі, больш нічога ў іх не прынялі, нават цёплыя рэчы, з цёплага ў яе — толькі адна кофта. Пры гэтым у камеры холадна, няма матрацаў і коўдраў, адсутнічае ўсё, што звязана з гігіенай.
Вольга Гарбунова —вядомая фемактывістка, экс-кіраўніца прытулку для пацярпелых ад хатняга гвалту "Радзіслава", экспертка ў пытаннях хатняга гвалту. Яна была затрыманая 9 лістапада па крымінальнай справе паводле артыкулу 342 КК. Гарбунову прызналі палітвязнем. Абвінавачванне ёй пакуль не прад'яўленае, яго павінны прад'явіць да заўтра, інакш жанчыну абавязаны вызваліць.