«Ён усім дзякаваў за падтрымку». Бацька сустрэўся з палітвязнем Сцяпанам Латыпавым

Мінскі гарадскі суд 16 лістапада пакінуў без зменаў прысуд палітвязню Сцяпану Латыпаву. 17 лістапада з ім сустрэўся бацька ў мінскім СІЗА № 1 на Валадарскага.

aux_1601042226_photo_2020_09_25_15_47_02_1.jpg


«Усё дзейства (разгляд апеляцыі) заняло каля 35 хвілін, з якіх 20 хвілін "раілася" судовая калегія, — сказаў Радыё Свабода бацька палітвязня Сяргей Латыпаў пра разгляд апеляцыі на прысуд. — Каментаваць тут няма чаго. Усё было перадвызначана загадзя, і апеляцыя ўсяго толькі судовая фармальнасць. Ілюзій ніхто не меў. Цяпер у нашай краіне такая судовая практыка пастаўлена на канвеер»

Сёння Сяргей Латыпаў меў сустрэчу ў СІЗА з сынам, якая цягнулася гадзіну. Размаўлялі, як звычайна, праз тэлефон.

«Сцяпан выглядае нармальна, упэўнена, спакойна. Рыхтуецца да этапу ў калонію. Усё неабходнае ў яго ёсць, — кажа Сяргей. — Мы абмяркоўвалі асабістыя пытанні. Ён усім дзякаваў за падтрымку, лісты, пасылкі і грашовыя пераводы». У якую калонію накіруюць Сцяпана Латыпава, пакуль невядома.

Абаронцу «Плошчы Перамен» Сцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: 342-га («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), 363-га («Супраціўленне супрацоўніку міліцыі») і ч. 4 арт. 209 («Махлярства ў асабліва буйным памеры»).

Нагадаем, 1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў пра так званую «прэс-хату», у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Таксама ён паведаміў, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі завесці крымінальныя справы ў дачыненні да яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас пасяджэння, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла асадку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.