Вольга Севярынец выпусціла серыю паштовак з малюнкамі свайго мужа, Паўла Севярынца

Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

Фота з Фэйсбуку Вольгі Севярынец

Фота з Фэйсбуку Вольгі Севярынец


«Вось вазьму я і сярод усяго, што навокал, пакажу вам, якія мы зрабілі паштоўкі па Паўлавых ілюстрацыях, якія ён дасылаў сыну з-за кратаў. І з ягонымі ж цытатамі», — піша Вольга.

«Гляджу я на гэтыя паштоўкі, думаю пра свайго каштоўнага мужа і быццам чую, што ён кажа мне без словаў: "Нягледзячы ні на што, рабі сваю справу і вер у лепшае". І так аднойчы пераможаш», — адзначыла яна.

Па яе словах, паштоўкі выстаўленыя на Кроплю.

А з навінаў пра Паўла: «На пілараме пілуе дошкі», пахудзеў, просіць папругу, стараецца адказваць на лісты, але вольнага часу там вельмі мала.

Фота з Фэйсбуку Вольгі Севярынец

Павел Севярынец нарадзіўся 30 снежня 1976 года. Скончыў з адзнакай Белдзяржуніверсітэт. Са студэнцкіх гадоў уключыўся ў актыўнае змаганне за вольную незалежную Беларусь. Быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў «Маладога Фронту», ладзіў школу «Дыджэі Адраджэння» ды іншыя трэнінгі для моладзі. У 2008-м быў уганараваны прэміяй імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».

Папулярнага лідара адраджэнцкага руху неаднаразова затрымлівалі і падоўгу трымалі за кратамі.

У зняволенні Павал Севярынец напісаў кнігі эсэістыкі «Лісты зь лесу» (2007, прэмія імя А.Адамовіча) і «Беларуская глыбіня» (2013, прэмія імя Ф.Аляхновіча), многія раздзелы раману «Беларусалім».

7 чэрвеня 2020 году, у часе апошняй прэзідэнцкай кампаніі, яго зноў затрымалі. Выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Пазней дадалі «арганізацыю масавых беспарадкаў». Вырак суду: 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адрас для лістоў: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8