Андрэя Бандарэнку ў шклоўскай калоніі зноў ізалявалі ад іншых зняволеных для яго бяспекі

Праваабаронца Андрэя Бандарэнку, які адбывае пакаранне за хуліганства ў шклоўскай папраўчай калоніі, зноў ізалявалі ад іншых зняволеных для яго бяспекі, паведаміла дырэктар прыватнай інфармацыйна-асветнай установы "Платформ інавейшн" Алена Красоўская-Каспяровіч.



andrey_bol_199x300.jpg

У сярэдзіне сакавіка бацька праваабаронцы атрымаў ліст, у якім Бандарэнка паведамляў, што знаходзіцца ў памяшканні крытага тыпу, дзе яго будуць утрымліваць да 1 красавіка, каб пазбегнуць магчымых канфліктаў са зняволенымі. Акрамя гэтага, Бандарэнка паведаміў, што папрасіў адміністрацыю па гэтай жа прычыне перавесці яго ў адзіночную камеру.

Цяпер, паводле інфармацыі Красоўскай-Каспяровіч, праваабаронца знаходзіцца ў штрафным ізалятары, бо "напісаў заяву з просьбай аб змяшчэнні ў бяспечнае месца".

Калі дакладна Бандарэнку перавялі ў ШІЗА, невядома, аднак дырэктар "Платформ інавейшн" выказала меркаванне, што ў ізалятары ён знаходзіцца з 1 красавіка і правядзе там не менш чым два месяцы.

"Калі асуджаны змешчаны ў бяспечнае месца, то ў ШІЗА ён карыстаецца ўсім, што належыць звычайнаму асуджанаму, толькі гуляе па раскладзе і знаходзіцца ў камеры, ён жа не парушальнік і змешчаны ў ШІЗА толькі для бяспекі", — патлумачыла Красоўская-Каспяровіч.

Нагадаем, Андрэя Бандарэнку пасля канфлікту з некаторымі зняволенымі ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска 2 сакавіка з меркаванняў бяспекі перавялі ў Шклоў.

Справа ў тым, што некалькі гадоў таму Бандарэнка ўжо ўтрымліваўся ў бабруйскай калоніі за ўчыненне эканамічнага злачынства, але ў 2011 годзе быў прызнаны невінаватым. Калі праваабаронцу даставілі ў гэтую калонію мінулай восенню, адзін з асуджаных заявіў: яму вядома, што чатыры гады таму Бандарэнка знаходзіўся ў адной камеры з чалавекам з нізкім, паводле крымінальных мерак, статусам. З-за гэтага некаторыя зняволеныя забаранілі Бандарэнку сядзець у сталовай за агульным сталом, у выніку чаго праваабаронца быў вымушаны галадаць. З сярэдзіны лістапада адміністрацыя бабруйскай калоніі памясціла Бандарэнку для яго ж бяспекі ў штрафны ізалятар, а праз некалькі месяцаў было вырашана перавесці яго ў іншае месца пазбаўлення волі.

Па гэтай жа прычыне ў шклоўскай калоніі Бандарэнка да 1 красавіка знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу.

Андрэй Бандарэнка — стваральнік установы "Платформ інавейшн", якая займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (чч. 1, 2 і 3 арт. 339 КК) у дачыненні да трох грамадзян. Бандарэнку прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

БелаПАН