Арганізацыя EU Athletes заклікала вызваліць Алену Леўчанка
Міжнародная арганізацыя EU Athletes заклікала вызваліць баскетбалістку Алену Леўчанка, асуджаную ў Беларусі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Таксама выказваецца падтрымка сотням беларускіх спартсменаў, якія выступілі за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў.
![Алена Леўчанка / З архіву БЕЛТА Алена Леўчанка / З архіву БЕЛТА](/img/v1/images/000028_697481_big.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алена Леўчанка / З архіву БЕЛТА
Зварот EU Athletes апублікаваны ў Twitter. Міжнародная арганізацыя падзяляе заклапочанасць міжнароднай супольнасці сітуацыяй у нашай краіне. Яна асуджае гвалт у дачыненні мірных пратэстоўцаў, усе формы ціску і рэпрэсій, у тым ліку і супраць беларускіх спартсменаў.
![twitter.com/EUAthletes twitter.com/EUAthletes](/img/v1/images/ejowpx0xkae8d8p.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
twitter.com/EUAthletes
EU Athletes заклікае міжнародную супольнасць, алімпійскі рух, спартыўныя арганізацыі выступіць у падтрымку спартсменаў у Беларусі, патрабаваць спынення іх пераследу за палітычную пазіцыю і неадкладнага вызвалення Леўчанка.
Паводле Еўрарадыё