Журналісту «Моцных Навінаў» Надзеі Пужынскай далі 14 сутак арышту. Дзе і калі яе судзілі — невядома

У Гомелі судзілі журналістку мясцовага партала «Моцныя Навіны» — але ніхто з блізкіх і калег, якія дзяжурылі два дні ў будынку суда, не змог трапіць на пасяджэнне. Надзеі Пужынскай далі 14 сутак.

«Моцныя Навіны»

«Моцныя Навіны»

Нагадаем, у суботу, 3 кастрычніка, у Гомелі затрымалі галоўнага рэдактара «Моцных Навінаў» Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, які таксама з'яўляецца работнікам выдання. Надзея Пужынская з роднымі Дзяніса павезла ім передачку ў ізалятар.
«Ёй там нехта патэлефанаваў, яна адышла і знікла, а потым паведаміла, што знаходзіцца ў Савецкім РАУС. Потым стала вядома, што Надзея затрыманая ў сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэсу па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў)», — распавядаў раней ўладальнік партала Пётр Кузняцоў.
У чым канкрэтна абвінавачвалі дзяўчыну, ніхто не ведаў.
Сёння, 6 кастрычніка адбыўся суд. Як менавіта і дзе вынеслі рашэнне па справе — невядома. Пра яго «Моцным Навінам» распавяла мама Надзеі — дачка патэлефанавала ёй пасля суда і паведаміла, што атрымала 14 сутак. Журналісты, якія дзяжурылі ў судзе Савецкага раёна, не патрапілі на пасяджэнне.
Ганне Якштас сёння далі штраф у 20 базавых — у яе ёсць непаўналетнія дзеці, і на «суткі» яе адправіць не могуць.
Дзяніс Якштас учора атрымаў 15 сутак.
Учора ў рэдакцыі «Моцных Навінаў» адбыўся ператрус, сілавікі забралі ўсю тэхніку.
Паводле tut.by