Шахцёра Юрыя Корзуна, які прыкоўваў сябе пад зямлёй, арыштавалі на 15 сутак

Шахцёру «Беларуськалія» Юрыю Корзуну, які 10 верасня ў шахце прыкаваў сябе наручнікамі да горназдабыўнога абсталявання, сёння далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведамляе стачкам прадпрыемства, таксама ёсць пацвярджэнне жонкі. 

Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

Кацярына, жонка Юрыя, распавяла, што яго, як і яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку іншых работнікаў «Беларуськалія», якія цяпер у стачачным камітэце, затрымалі ў суботу, 3 кастрычніка, у салігорскім парку чатырох стыхій. Жанчына распавядае, што ў той дзень людзі сабраліся на чаяванне.
Паводле яе слоў, Юрыя асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
 Але ў парку не было ніякай сімволікі, толькі ў адной жанчыны быў невялікі чырвона-зялёны сцяжок, — удакладняе Кацярына. — Ніхто нічога не выкрыкваў.
Жонка шахцёра распавядае, што суд быў закрытым, паседжанне доўжылася каля дзвюх гадзін, ёй не ўдалося на яго патрапіць. Адвакат Юрыя мае намер падаваць скаргу на рашэнне суда.
— У мяне сёння не ўзялі перадачу, сказалі прыходзіць пасля 14.00. Але пры ўмове, што Юру пакінуць у Салігорску, а не адвязуць у іншы горад. Некаторых з тых, каго судзілі ўчора, перавялі ў Капыль і Старыя Дарогі, наколькі мне вядома, — распавяла Кацярына. — У Юры баліць зуб, яму патрэбныя таблеткі. Ён быў запісаны на панядзелак да стаматолага, але не змог да яго патрапіць. У РАУС, як мне сказалі, яму давалі абязбольвальныя таблеткі.
Нагадаем, шахцёр «Беларуськалія» Юрый Корзун, які 10 верасня ў шахце прыкаваў сябе наручнікамі да горназдабыўнога абсталявання, далучыўся да страйкавага камітэту.
tut.by