Кампанія Yara будзе адсочваць захаванне правоў работнікаў «Беларуськалія»

Нарвежская кампанія Yara, якая купляе беларускія калійныя ўгнаенні, мае намер працягваць адсочваць захаванне правоў работнікаў «Беларуськалія».

1967791.jpg


Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на дырэктара па знешніх камунікацыях кампаніі Жазіян Крэмер.

Яна нагадала, што 18 верасня дэлегацыя Yara наведала Беларусь, сустрэлася з кіраўніцтвам «Беларуськалія», работнікамі кампаніі і прадстаўнікамі прафсаюзаў (афіцыйнага і незалежнага).

Асноўная ўвага падчас сустрэчы надавалася пытанням бяспекі і дабрабыту работнікаў «Беларуськалія», падкрэсліла Крэмер. «Для нас было важна выказаць занепакоенасць сітуацыяй падчас асабістай сустрэчы, на якой мы выразна заявілі, што спадзяемся на добрае стаўленне да работнікаў», — сказала прадстаўніца кампаніі. Паводле яе слоў, топ-менеджары Yara дамовіліся з кіраўніцтвам «Беларуськалія» пра працяг дыялогу і абмеркавалі, якія крокі могуць быць зробленыя для вырашэння ўзніклых пытанняў.

«Са свайго боку мы будзем адсочваць усе праблемы, уважліва сачыць за прагрэсам, пастаянна ацэньваць, ці былі яны вырашаны або вырашаюцца. Мы таксама былі рады, што змаглі сустрэцца з прафсаюзамі і выслухаць іх заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася», — сказала Крэмер.

Яна паведаміла, што Yara збіраецца працягваць дыялог з прадстаўнікамі калійнай галіны Беларусі. «Мы маем намер працягнуць дыялог з “Беларуськаліем” і з Беларускай калійнай кампаніяй пры ўмове, што наша заклапочанасць сітуацыяй будзе ўлічаная», — сказала Крэмер.

Кампанія Yara мае намер «пастаянна ацэньваць ўплыў падыходу», накіраванага на шматбаковы дыялог, дадала яна.

Нагадаем, 15 верасня Yara — найбуйнейшы ў свеце пакупнік мінеральных угнаенняў — распаўсюдзіла заяву, у якой выказала занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Пазней дэлегацыя кампаніі наведала прадпрыемства, дзе абмеркавала парушэнне правоў працоўных у Беларусі.

Пасля ад’езду нарвежцаў сітуацыя не змянілася, і страйкам «Беларуськалія» папрасіў Yara пераглядзець дзелавыя адносіны з «Беларуськаліем»

Паводле АФН