Галоўную рэдактарку «Моцных Навінаў» аштрафавалі пасля трох дзён за кратамі
Ганну Якштас суд Савецкага раёна Гомеля аштрафаваў на 540 рублёў, піша Радыё Свабода.

Міліцыянты напісалі ў пратаколе, што Ганна Якштас «выдавала сябе за акрэдытаванага журналіста і, незаконна выкарыстоўваючы бэйдж і камізэльку „Прэса“, актыўна прыняла ўдзел у несанкцыянаваным шэсці». Ганна Якштас сказала, што ажыццяўляла сваю журналісцкую дзейнасць, здымала акцыю пратэсту.
Ганну Якштас затрымалі 3 кастрычніка, у той жа дзень затрымалі яе мужа Дзяніса Якштаса, таксама супрацоўніка рэдакцыі.
5 кастрычніка суд пакараў Дзяніса Якштаса арыштам на 15 дзён. У гэты дзень у рэдакцыі «Моцных Навінаў» прайшоў ператрус, які міліцыя назвала «аглядам працоўнага месца Ганны Якштас». У выніку рэдакцыя засталася без тэхнікі і мабільных тэлефонаў.
4 красавіка затрымалі таксама журналістку «Моцных Навінаў» Надзею Пужынскую. Дагэтуль яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Ганна Якштас правяла ў ІЧУ тры дні.