Гомельскія актывісты выкрылі прапагандысцкі фэйк міліцыянтаў
Гомельскае выданне "Флагшток" распавяло, як дзякуючы гарадскім актывістам быў выкрыты фэйк міліцыянтаў.

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкама
Прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама паведаміла аб выяўленні ў цэнтры горада супрацоўнікамі АМАП падазронай скрынкі. У пакунку, як вынікае з паведамлення, знаходзіліся самаробныя шыпы з арматуры. У каментары да відэа адзначаецца, што такія «вожыкі звычайна выкарыстоўваюцца для раскідвання на дарогах з мэтай спынення аўтатранспарту... Часцяком, такую завостраную, звараную арматуру знаходзяць у пратэсных актывістаў. Іх жа канфіскавалі і ў прыхільніка "Краіны для жыцця" ў Мазыры».
У апісанні дзіўнай знаходкі таксама гаворыцца аб тым, што скрынка была «пераматаная скотчам мінскай будаўнічага крамы». Вось гэтая дэталь і падвяла "шцірліцаў". Пільныя грамадзяне з «Гомельскага чата канструктыўных змяненняў» разгледзелі, што на скотчы з нібыта «мінскай будаўнічай крамы» фігуруе брэнд буйной міжнароднай гандлёвай сеткі і нават падпісана месца знаходжання дадзенага магазіна: горад Краснагорск Маскоўскай вобласці.

Фота: Гомельскі чат канструктыўных зменаў
Геаграфічная прывязка "доказу" да расійскага горада можа сведчыць, як мінімум, аб пасрэдных рэжысёрскіх здольнасцях аўтараў сюжэту, як максімум — аб цесным супрацоўніцтве беларускіх сілавікоў з расійскімі калегамі, робіць выснову выданне "Флагшток".