У рэдакцыі «Моцных Навін» ператрус: вынеслі ўсю тэхніку, журналіста пакаралі арыштам (дапоўнена)
Сёння ў сярэдзіне дня ў рэдакцыю «Моцных Навін» прыйшлі невядомыя ў масках, яны праводзяць ператрус.
— Нейкія людзі ў масках. Хочуць забраць усё, што тычыцца працы Ганны Якштас, — паведамляюць супрацоўнікі рэдакцыі.
Нагадаем, галоўнага рэдактара Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, таксама супрацоўніка рэдакцыі, затрымалі раніцай 3 кастрычніка. Іх абвінавачваюць па адміністрацыйным артыкуле. На момант публікацыі суд над журналістамі яшчэ не адбыўся, яны застаюцца пад вартай.
4 кастрычніка затрымалі кіраўніка відэааддзела Надзею Пужынскую, калі яна перадавала перадачу ў ІЧУ разам з бацькам Дзяніса. У дачыненні да яе таксама вядзецца адміністрацыйны працэс па арт. 23.34.
Падрабязнасці ператрусу паведамляе «Радыё Свабода». 5 кастрычніка ў рэдакцыі «Моцных Навін» прайшоў «агляд працоўнага месца Ганны Якштас», — так міліцыя назвала ператрус у рэдакцыі.
Заснавальнік сайта «Моцныя Навіны» Пятро Кузняцоў распавеў, што ў дзверы офіса 5 кастрычніка па абедзе пагрукала «жанчына з домаўпраўлення». Калі адчынілі дзверы, у офіс заскочылі супрацоўнікі міліцыі і АМАП.
«Сярод іх быў нехта ў цывільным, падобны да супрацоўніка КДБ. Ён падбег да мяне і пачаў фізічна вырываць з рук ноўтбук. Я не аддаваў, тады ён паклікаў супрацоўнікаў АМАП: „пацаны, пацаны, дапамажыце!“ — і яны забралі ноўтбук.
Была пастанова пракурора на агляд працоўнага месца Ганны Якштас, а па выніку ў нас забралі ўсю тэхніку і ўсе мабільныя тэлефоны», — патлумачыў Пятро Кузняцоў.
Такія дзеянні Пятро Кузняцоў ацэньвае як псіхалагічны ціск на рэдакцыю, спробы «пакапацца» і знайсці нешта, каб ці закрыць сайт, ці падвесці яго дзейнасць пад крымінальны артыкул.
Тым часам стала вядома, што супрацоўніка «Моцных Навін» Дзяніса Якштаса пакаралі арыштам на 15 сутак. Такое рашэнне вынес суд Савецкага раёна Гомеля.