БАЖ лічыць, што матэрыял Пазьняка парушае Кодэкс журналісцкай этыкі

Матэрыял Зянона Пазьняка "Сутнасць правакацыі", апублікаваны 8 лістапада 2012 года ў блогу палітыка на сайце Радыё "Свабода", утрымлівае парушэнні Кодэкса журналісцкай этыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў БАЖ, гаворыцца ў пастанове камісіі па этыцы грамадскага аб’яднання, прынятай 1 сакавіка.



get_img34.jpg

Гісторык Ігар Кузняцоў 26 лістапада звярнуўся ў камісію па этыцы БАЖ з заявай, у якой прасіў ацаніць матэрыял Зянона Пазняка “Сутнасць правакацыі”, які на працягу сямі дзён знаходзіўся на галоўнай старонцы сайту Радыё “Свабода”, а потым — у вольным доступе на блогу палітыка. Некаторыя фразы ў гэтай публікацыі, па меркаванні заяўніка, з'яўляюцца паклёпніцкімі вымысламі або ўтрымліваюць скажоныя факты, “каторыя нанеслі і працягваюць наносіць шкоду маім гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі”. У сваёй заяве гісторык прывёў фрагменты з матэрыялу Пазьнака, які называе дзейнасць Кузняцова ў Курапатах правакацыяй, афёрай, фальсіфікацыяй, а самаго гісторыка — агентам КДБ, фальшывым энтузіастам, які апрацоўвае замежнікаў і дыпламатаў.

Ігар Кузняцоў лічыць, што рашэнне камісіі па этыцы БАЖ павінна быць апублікаванае на сайце Радыё “Свабода”.

У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей, якая пад час пасяджэння камісіі па этыцы БАЖ прадстаўляла інтарэсы Кузняцова, адзначыла, што з-за вельмі абмежаваных паўнамоцтваў камісіі яна не мае мажлівасці ў дастатковай ступені абараніць інтарэсы асобы, правы каторай парушаныя.

“Такой асобе дзяржава прадастаўляе значна большыя мажлівасці ў судзе, рашэнні якога з’яўляецца абавязковым для выканання”, — падкрэсліла юрыстка. На яе меркаванне, паўнамоцтвы камісіі па этыцы неабходна пашырыць хаця б у тым, каб яе рашэнні мелі рэкамендацыйны характар для СМІ і журналістаў — сябраў БАЖ.

Трэба мець на ўвазе, што Зянон Пазьняк з’яўляецца першаадкрывальнікам Курапатаў і аўтарам канцэпцыі народнага мемарыялу “Курапаты — лес крыжоў”, якая рэалізуецца ва ўрочышчы. Ігар Кузняцоў у 1992 годзе ў Томску (Расія) абараніў дысертацыю па гісторыі масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў у СССР і рэабілітацыі ахвяраў тэрору, з’яўляецца аўтарам больш за 10 кніг і 400 публікацый па гэтай тэматыцы.