БХД пратэстуе супраць прымусовага ўскладання кветак камуністычным катам

Як паведамляюць жыхары Мінска, мінскія райвыканкамы рассылаюць па дзяржпрадпрыемствах патрабаванні аб абавязковым удзеле іх працоўных у акцыі ўскладання кветак да помніку Леніну. За ўдзел у шабашы працоўным абяцаюць адгулы.



143071.jpg

Беларуская хрысціянская дэмакратыя заклікае ўсіх беларусаў паведамляць пра факты ціску, не ўдзельнічаць у злачынстве і спыняць незаконныя дзеянні і ганьбаванне памяці сотняў тысячаў бязвінных ахвяраў, якія былі забітыя камуністычным рэжым пад кіраўніцтва Леніна, Сталіна і іншых правадыроў.

"Гэтыя дзеянні ўладаў з'яўляюцца беззаконнымі. Тым больш, што ўскладанне кветак Леніну адбываецца фактычна пад прымусам і за дзяржаўныя сродкі. Мы лічым гэта злачынствам і нацыянальнай здрадай. Такія дзеянні адбываюцца цалкам у рэчышчы пуцінскай акупацыйнай палітыкі. За 20 гадоў былі амаль знішчаныя ўсе падмуркі незалежнасці Беларусі, беларуская мова. Гісторыя перапісваецца на савецкі лад, трацяцца эканамічная і знешнепалітычная незалежнасць. Жоўта-чорныя стужкі, якія сталі сімвалам расійскай акупацыі Украіны, ужо некалькі год спакойна распаўсюджваюцца ў Беларусі, у тым ліку і праз сілавыя структуры. І ўскладанне кветак чалавеку, на руках якога кроў сотняў тысяч бязвінных беларусаў,чарговы крок у антынацыянальнай палітыцы. Можна чакаць, што бліжэйшым часам сённяшні рэжым пойдзе на здачу незалежнасці Беларусі пра незаконныя рэферэндумы і г.д." — мяркуе сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

Прэсавая служба БХД