БХД узяла ўдзел у стварэнні сеткі дэмакратычных сілаў Усходняй Еўропы
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі 30 красавіка ў Вільні ад імя БХД узяў удзел у падпісанні пагаднення аб стварэнні сеткі падтрымкі Усходняга Партнёрства «Еўропа ідзе на Ўсход» (Supporting network of the EaP «Europe Goes East»).
Мэта сеткі — кансалідацыя усходнееўрапейскіх дэмакратычных сілаў, падтрымка незалежнасці краін Усходняй Еўропы і іх супраца ў барацьбе з агрэсіяй Пуціна, паведамляе прэс-служба БХД.
Апроч прадстаўнікоў Беларусі, паганенне падпісалі з боку Грузіі: Гіоргі Барамідзэ (віцэ-спікер парламенту), Давіт Бакрадзэ (лідар парламенцкай фракцыі Адзінага нацыянальнага руху), Малдовы — Улад Філат (былы прэм’ер-міністр, лідар ЛДПМ), Украіны — дэпутаты Вярхоўнай Рады Іван Кірыленка (Бацькаўшчына), Тарас Асавуленка (Свабода), прадстаўнікі Самаабароны Майдану і Моладзі партыі «УДАР», а таксама дэпутат Еўрапарламенту, віцэ-старшыня Еўрапейскай Народнай Партыі Марыё Давід, прадстаўнік МЗС Латвіі Вейка Споліціс.
Адным з ініцыятараў стварэння сеткі былі літоўскія партнёры БХД — Саюз Айчыны-Літоўскія Хрысціянскія Дэмакраты (TS-LKD), якіх прадстаўлялі лідары партыі былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, былы кіраўнік МЗС Аўдронюс Ажубаліс і былы міністр абароны Раса Юкнявічэне.
1 траўня ў Вільні прадстаўнікі БХД бяруць удзел у кангрэсе TS-LKD.