Беларусь апублікавала перамовы пілотаў «Ryanair» з дыспетчарам. Ёсць цікавая акалічнасць

Дэпартамент па авіяцыі апублікаваў раздрукоўку перамоў паміж пілотамі самалёта «Ryanair» і беларускімі авіядыспетчарамі. З іх вынікае, што пасадзіць самалёт у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» настойліва рэкамендаваў беларускі бок. Больш за тое: пілотам абвясцілі, быццам паведамленні пра бомбу на борце прыйшлі ў службы некалькіх міжнародных аэрапортаў.

ryanair_2505.jpg

Тэкст перамоў апублікавала «Еўрарадыё»:

Дыспетчар: У мэтах бяспекі мы рэкамендуем вам прызямліцца ў UMMS (маецца на ўвазе аэрапорт Мінска).

Пілот: Добра... гэта... зразумела... дайце нам новы курс, калі ласка.

Пілот: Паведамленне пра бомбу... Само паведамленне адкуль прыйшло? Адкуль у вас інфармацыя пра гэта?

Дыспетчар: Служба бяспекі аэрапорта паведаміла, што атрымала электронны ліст.

Пілот: Вас зразумеў, служба бяспекі аэрапорта Вільні ці з Грэцыі?

Дыспетчар: Гэты ліст быў накіраваны ў некалькі аэрапортаў.

Пілот: Вас зразумеў.

/…/

Пілот: Зноў жа, гэтая рэкамендацыя аб перанакіраванні ў Мінск адкуль узялася? Ад каго яна прыйшла? Ад кампаніі? Яна зыходзіла ад кіраўніцтва аэрапорта вылету або аэрапорта прыбыцця?

Дыспетчар: Гэта нашы рэкамендацыі.

Раней беларускі бок сцвярджаў, быццам прыняць самалёт у Мінску прасілі Афіны і Вільня. Таксама звяртае ўвагу, што дыспетчар пераконвае пілотаў, быццам лісты з пагрозамі атрымалі «некалькі аэрапортаў».