ХАМАС назваў «абуральнымі» дзеянні беларускіх улад па ўцягванні Палесціны і Ізраіля ў затрыманне Пратасевіча

Рух «ХАМАС» асуджае афіцыйны Мінск за ўцягванне Палесціны і Ізраіля ў сітуацыю вакол затрымання блогера Рамана Пратасевіча.

1598797391_20.jpg


Пра гэта ў каментары lenta.ru заявіў намеснік кіраўніка Палітбюро палесцінскага руху Муса Абу Марзук, перадае «Еўрарадыё».

«Гэта абуральна і дэманструе архаічнае мысленне [беларускага ўрада], які не разумее, што цяпер мы жывём у век свабодных СМІ і што існуе міжнароднае грамадскае меркаванне, якое больш не прымае падобныя метады», — заявіў ён.

Пры гэтым ХАМАС адмовіўся ацэньваць сітуацыю з затрыманнем Пратасевіча, заявіўшы, што не абавязаны каментаваць усе падзеі ў свеце. «Але, вядома, мы ў цэлым супраць несправядлівасці, пераследу, замахаў на свабоды і парушэнні закона», — дадаў Абу Марзук.

23 траўня самалёт авіякампаніі «Ryanair» які ляцеў з Афінаў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў мінскім аэрапорце. Беларускі бок заявіў, быццам на борце самалёта была бомба. Для пасадкі грамадзянскага самалёта з пасажырамі ў неба быў узняты ваенны знішчальнік МіГ-29. Пасля прызямлення сярод пасажыраў былі затрыманы блогер і журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега, грамадзянка Расіі. У Беларусі Пратасевіча падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, яго ўнеслі ў спіс тэрарыстаў. Раней Пратасевіч быў галоўным рэдактарам тэлеграм-канала, прызнагага ў Беларусі экстрэмісцкім.

24 траўня беларускі бок заявіў, быццам паведамленне пра бомбу прыйшло на электронную пошту ад імя палесцінскага руху «ХАМАС». Афіцыйны прадстаўнік руху Фаўзі Бархум абверг датычнасць арганізацыі да гэтых пагроз.