Беларусь зноў не прыняла польскі гуманітарны груз для мігрантаў на памежжы
У Дзяржаўным памежным камітэце патрабуюць ад Польшчы прапусціць мігрантаў углыб сваёй тэрыторыі.
Польшча зноў заявіла пра намер накіраваць гуманітарны канвой на мяжу з Беларуссю. Пра гэта сказаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач, піша Радыё Свабода.
У Польшчы заяўляюць, што на беларускім памежжы з Польшчай цяпер знаходзіцца некалькі тысяч мігрантаў з краінаў Азіі і Афрыкі, якія маюць намер нелегальна трапіць у Еўрасаюз. Пшыдач дапускае, што некаторыя з патрэбаў мігрантаў могуць не задавольвацца беларускім бокам, а таму паверанаму ў справах Беларусі ў Польшчы накіравалі ноту з прапановай даставіць гуманітарны груз.
5 кастрычніка а 17.00 першыя грузавікі пакінулі склад і паехалі ў напрамку пункту пропуску Баброўнікі на польска-беларускай мяжы. Яны везлі намёты, ложкі, коўдры, бялізну, сродкі гігіены. Таксама польскі бок заявіў, што гатовы перадаць прадукты, лекі і іншыя неабходныя рэчы.
Прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў на гэта, што мігранты нібыта ўжо знаходзяцца ў Польшчы і польскаму боку неабходна «толькі прыўзняць калючы дрот, абагрэць, накарміць».
Між тым, нават Лукашэнка казаў, што беларускі бок «падкармлівае» мігрантаў на памежжы. «Ну так, апранулі, накармілі іх, дровы адвезлі ім туды, палаткі нейкія перадалі», — казаў ён у час нарады 27 верасня. Адпаведна, ён вызнаў, што мігранты знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, інакш бы падобныя дзеянні былі б парушэннем польскай мяжы.
Пацвердзіў словы Лукашэнкі і беларускі МЗС, які заявіў наконт гуманітарнага канвою, што «у чарговых паспешных аднабаковых рашэннях Польшчы нешта некуды накіраваць без усялякага сэнсу, запыту хоць бы пра згоду партнёра, відавочна праглядаецца пэўнае грэбаванне да беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту».
Дык на чыім баку мігранты?