Беларусізацыя. У былым «Макдональдс» з'явіліся стравы з беларускімі назвамі

У меню сеткі рэстаранаў «КСБ Віктары Рэстараны», а пад гэтым брэндам працуюць былыя рэстараны «Макдональдс», з'явіліся два новыя бургеры — з беларускімі назвамі, з квашанай капустай і плаўленым сырком. На гэта звярнуў увагу фуд-блогер «Мерзкий Кокобай». Таксама ў меню з'явіліся новыя гарачыя напоі і «Духмяная Бульба фры».

mak1_1.jpg


«Бургер з натуральнай ялавічынай у спалучэнні з квашанай капустай і марынаванымі агурочкамі, свежай цыбуляй і салатай, з лустачкай плаўленага сыру, запраўлены спецыяльным грыбным соусам на пшанічнай булачцы», — гаворыцца ў апісанні «Шляхецкага» коштам 7,9 рублёў.

mak2.jpg


«Бургер з сакавітай курынай катлетай, прыгатаванай на грылі, у спалучэнні з марынаванымі агурочкамі, лустачкай плаўленага сыру, свежай салатай і кавалачкам памідора, запраўлены спецыяльным грыбным соусам на пшанічнай булачцы», — абвяшчае апісанне «Панскага». Кошт — 6,5 рублёў.
Акрамя таго, у меню з'явілася і «Духмяная Бульба фры». Кошт — 4,6 рублёў.

mak3.jpg


«Адборная бульба, абсмажаная ў натуральным алеі і запраўленая сушаным чаборам і молатай каляндрай», — гаворыцца ў апісанні стравы.
У меню таксама з'явіліся новыя гарачыя напоі — «Узвар з журавiнамi» і «Узвар з абляпiхай» па 3,5 рублі.
Нагадаем, увечары 27 лістапада сайт беларускага «McDonald's» стаў перанакіроўваць карыстальнікаў на новы адрас — ksbv.by. Гэтая абрэвіятура «КСБ Віктары Рэстараны» — франчайзінг амерыканскай сеткі ў Беларусі. На сайце ёсць абноўленае меню, затое няма ніякіх лагатыпаў.
У пачатку лістапада з'явілася інфармацыя, што рэстараны «Макдональдс» пад кіраваннем «КСБ Віктары Рэстараны» праз некалькі тыдняў працягнуць працу пад расійскім брэндам «Смачна — і кропка».
Па тэлефоне ў некалькіх кропках сталічнай сеткі аператары адказалі, што яны працуюць у звычайным рэжыме і адносяцца да сеткі «КСБ Віктары Рэстараны» і не называюцца ні «McDonald's», ні «Смачна — і кропка». Ці з'явіцца ў перспектыве іншая назва, супрацоўнікі не змаглі адказаць. А таксама папярэдзілі, што ў звыклых сняданках бекону больш не будзе, але ўсё астатняе ёсць. І нават Coca-cola.