Беларускія турфірмы прапануюць турыстам зрабіць прышчэпку ў Львове, Румыніі ці Турцыі
У Беларусі турыстычныя фірмы сталі прапаноўваць замежныя туры для прышчэпкі ўхваленай у свеце вакцынай ад каронавіруса. Паехаць прапануюць у Львоў, Румынію, Турцыю, а ў будучыні плануецца яшчэ і Харватыя, піша Саюз турыстычных арганізацый Беларусі.
![5_8_960x695.jpg 5_8_960x695.jpg](/img/v1/images/5_8_960x695.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так, за 85 еўра і 50 рублёў прапануюць тур на Львоўшчыну, каб атрымаць прышчэпку вакцынай Pfizer. Таксама прапануюць тур пад назвай "Таямніцы Трансільваніі" ў Румынію, чый кошт складае 290 еўра і 90 рублёў. Вакцынацыя праводзіцца ў Бухарэсце прэпаратам J & J.
Атрымаць прышчэпку ўхваленай у ЕМА вакцынай турысты могуць яшчэ ў Турцыі. Там можна прышчапляцца вакцынамі Pfizer, Moderna і AstraZeneca. Паведамляецца, што да сярэдзіны лістапада лётаюць чартары ў Анталію, а на працягу года можна скарыстацца прамым рэйсам у Стамбул. Замежнікаў вакцынуюць у краіне бясплатна.
Акрамя таго, беларускія кампаніі таксама разглядаюць магчымасць тураў у Харватыю, паколькі цяпер у краіне няма каранціну для турыстаў, для ўезду дастаткова паказаць толькі адмоўны ПЦР-тэст. У беларускіх туркампаніях ужо абмяркоўваюць магчымасць арганізацыі такіх тураў.