Брытанскі таблоід выбачыўся за артыкул аб тым, што Расія скрала формулу AstraZeneca
Брытанскі таблоід Daily Express выбачыўся за публікацыю, у якой сцвярджалася, што Расія скрала формулу вакцыны AstraZeneca і стварыла на яе аснове «Спутнік V», паведамляе «Наша Ніва».
Першапачаткова публікацыя з'явілася ў The Sun — выданне без спасылак на крыніцы напісала, што ў «сакрэтных службаў ёсць доказы, што адзін з пуцінскіх шпіёнаў скраў звесткі». Пазней артыкул перадрукавалі некаторыя іншыя таблоіды, у тым ліку Daily Express.
Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ), які курыруе вытворчасць «Спутніка», 11 кастрычніка выпусціў афіцыйную заяву, у якой назваў версію The Sun «чарговым прыкладам fake news» і патлумачыў розніцу паміж структурай «Спутніка» і AstraZeneca.
Пасля гэтага Daily Express выдаліў перадрук арыгінальнага артыкула і апублікаваў прабачэнні і каментар РФПІ. У самой The Sun выбачацца не сталі, толькі дадаўшы ў канцы артыкула ўдакладненне, што РФПІ лічыць інфармацыю ілжывай.