«Белпошта» не ўключае «Intex-press» у падпісны каталог
«Белпошта» не ўключае баранавіцкае выданне "Intex-press" у падпісны каталог, а гандлёвыя сеткі ўжо адмовіліся прадаваць газету.
У «Белпошце» паведамілі, што не ўключаць выданне ў падпісны каталог на другое паўгоддзе і не возьмуць яго для продажу ў аддзяленнях. Прадаваць газету таксама адмовіліся і прыватныя гандлёвыя сеткі «Белмаркет», «Марцін», «Дабраном» і іншыя, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Галоўны рэдактар «Intex-press» Уладзімір Янукевіч мае намер у бліжэйшыя дні паспрабаваць вярнуцца да ўласнай сеткі распаўсюджвання, якая ўжо працавала пасля 2005 года, калі многія недзяржаўныя медыя былі выключаныя з каталогаў «Белпошты» і «Белсаюздруку».
Нагадаем, 26 красавіка Уладзімір Янукевіч атрымаў максімальна магчымы штраф для фізасобы ў 20 базавых велічынь (580 рублёў) па адміністрацыйнай справе аб парушэнні заканадаўства аб СМІ (ч.5 арт. 23.5 КаАП). Падставай паслужыла інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, апублікаванае ў выданні 14 лютага. За яго Янукевіч атрымаў папярэджанне ад пракурора, таксама былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы, праводзіцца праверка аб узбуджэнні крымінальнай справы.