Палітзняволеная Вольга Класкоўская, імаверна, знаходзіцца ў ШІЗА

Як паведаміла НЧ маці палітзняволенай Людміла Класкоўская, ад 12 красавіка ад Вольгі Класкоўскай не паступае лістоў і тэлефанаванняў. Як паведаміла маці, з лістоў іншых асуджаных ёй стала вядома, што Вольга знаходзіцца ў штрафным ізалятары (ШІЗА).

1d803b51_f4a6_41ae_9c99_72b32a06fa94_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s_1.jpg


Паводле меркавання маці, здарылася тое, што прадбачыла яе дачка: Вольгу Класкоўскую змясцілі ў ШІЗА за адмову шыць форменную вопратку для сілавікоў.

Паводле слоў Людмілы Класкоўскай, у Вольгі пагоршыўся стан здароўя. «Два тыдні таму я размаўляла з начальнікам гомельскай жаночай калоніі №4, і ён пацвердзіў мне, што Вольга пасля этапу ў калонію месяц прабыла на стацыянарным лячэнні ў медыцынскай частцы. Цяпер я патэлефанавала доктару ў медчастку. Ён казаў, што Вольга цяпер на амбулаторным лячэнні і атрымлівае лекі, якія я ёй даслала. Але карцар, на маю думку, не тая ўстанова, дзе яна можа нешта атрымліваць», — кажа Людміла.

Як адзначыла Людміла Класкоўская, яна звярнулася да кіраўніцтва калоніі са скаргай на тое, што ад яе не прымаюць перадачы, няма тэлефанаванняў родным і ёй не даюць спатканні з дачкой. «Я званіла ў калонію наконт спаткання, мне сказалі: "Прыязджайце, хтосьці да вас выйдзе". Я так разумею, "хтосьці" вырашае лёс маёй дачкі», — адзначыла маці палітзняволенай.

Апроч таго, яна патрабуе ад кіраўніцтва калоніі перадаваць яе дачцэ выпісаныя ёй газеты, у тым ліку «Новы час». «Забарону на перадачу газет я лічу не толькі здзекам з дачкі, але і з мяне. Я ветэран працы, я выпісваю гэтыя газеты, "Белпошта" прымае ў мяне грошы, і таму я патрабую, каб выпісаныя ёй выданні перадаваліся», — адзначыла Людміла Класкоўская.

Нагадаем, 22 снежня мінулага года ў Ленінскім судзе Мінска Вользе Класкоўскай прысудзілі два гады калоніі за перакрыванне дарогі ў Серабранцы 13 кастрычніка.

У судзе Вольга Класкоўская сказала:

«Калi мяне затрымлiвалi, вельмi моцна збiлi. Мне стала вельмi кепска ў мiлiцыi, выклiкалi медыцынскую дапамогу. Мяне адвезлі ў 5-ы шпiталь, дзе дыягнаставалi ЧМТ і страсенне мозгу. Гэта ўсё ёсць у крымiнальнай справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. Пасля таго, як мне было прызначана лячэнне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. Калі я трапiла на Акрэсцiна, а пасля ў Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на заключэнне. У РУУСе я адмовiлася даваць паказанні, мне некалькi разоў пагражалi расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо iншых людзей. Я адмовiлася. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Калi мяне асудзяць па гэтым артыкуле, для мяне гэта будзе вялiкi гонар. Значыцца, маё жыццё было пражыта недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!»

Праваабаронцы прызналі Вольгу Класкоўскую палітзняволенай.