Вользе Класкоўскай прысудзілі 2 гады калоніі за перакрытую дарогу ў Серабранцы

У Ленінскім судзе Мінска 22 снежня вынеслі прысуд па справе аб перакрыцці дарог у Серабранцы. Абвінавачаныя — 38-гадовая Вольга Класкоўская, 18-гадовы Артур Булаўскі і 17-гадовы Максім Бабіч.

klaskouskaja2_201222_du69e.jpg


Іх судзілі за эпізод, які здарыўся ў Мінску 13 кастрычніка. Што адбылося ў той дзень? Паводле версіі МУС, кампанія людзей блакавала рух на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава. Кіроўца і пасажыр адной з машын, браты, запатрабавалі ад пратэстоўцаў сысці з дарогі. Аўто прапусцілі, але калі праехалі, адчулі, як ў машыну нешта ўдарыла. Выйшлі разабрацца — пачалася патасоўка, паведамляе «Наша Ніва».

«У выніку кіроўцу і пасажыра, нягледзячы на іх актыўны супраціў, збілі. Апроч таго, уладальніку аўто распылілі ў вочы пярцовы газ», — казалася ў прэс-рэлізе МУС.

Калі верыць паказанням у судзе, сітуацыя была зусім не такая. Група людзей у той вечар сапраўды выйшла на праезную частку, каб перакрыць рух. Пастаялі нядоўга і частку дарогі вызвалілі, каб ахвотныя маглі праехаць. Але пасажыры адной з машын — тыя самыя пацярпелыя браты — пачалі нецэнзурна абурацца дзеяннямі пратэстоўцаў. Пасля селі ў машыну, а праз пару хвілін вылезлі зноў — ці то аўто на нешта наскочыла, ці то пачулі нейкія словы ў свой бок. Пасля гэтага і пачалася бойка.

Класкоўскую судзілі за перакрыццё дарогі, хлопцаў — за перакрыццё і бойку.

Суддзя Марына Запаснік прызначыла ўсім фігурантам тое ж пакаранне, што і прасіў пракурор: Вользе Класкоўскай 2 гады калоніі агульнага рэжыму, Булаўскаму і Бабічу — 2,5 года і 3 года «хатняй хіміі» адпаведна. Хлопцаў вызвалілі ў зале суда.

 «Жыве Беларусь!» — выгукнула Класкоўская і паказала знак «віктары», перш чым яе вывелі з залы суда.

klaskouskaja4_201222_1hpum.jpg


Вось апошняе слова Вольгі Класкоўскай у судзе:

«Калi мяне затрымлiвалi, вельмi моцна збiлi. Мне стала вельмi кепска ў мiлiцыi, выклiкалi медыцынскую дапамогу. Мяне адвезлі ў 5-ы шпiталь, дзе дыягнаставалi ЧМТ і страсенне мозгу. Гэта ўсё ёсць у крымiнальнай справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. Пасля таго, як мне было прызначана лячэнне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. Калі я трапiла на Акрэсцiна, а пасля ў Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на заключэнне. У РУУСе я адмовiлася даваць паказанні, мне некалькi разоў пагражалi расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо iншых людзей. Я адмовiлася. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Калi мяне асудзяць па гэтым артыкуле, для мяне гэта будзе вялiкi гонар. Значыцца, маё жыццё было пражыта недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!»

Праваабаронцы прызналі Вольгу Класкоўскую палітзняволенай.