Берасцейцам не ўдалося спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу праз суд

Маскоўскі суд Берасця адмовіў у задавальненні пазову грамадзян наконт спынення будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПаўэр», паведамляе Радыё Свабода.

444799d4_cdbc_430f_83a9_1a537fefb796_w1023_r1_s.jpg


Пазоўнікі аргументавалі ў судзе, што грамадскія слуханні былі праведзеныя з парушэннем заканадаўства, што не дазволіла грамадскасці рэалізаваць права на падачу заявы пра абмеркаванне справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе.
Грамадзяне даводзілі ў судзе, што вытворчасць на гэтым заводзе нанясе шкоду як навакольнаму асяроддзю, так і здароўю жыхароў навакольных населеных пунктаў.
Пазоўнікі прасілі цалкам спыніць гаспадарчую дзейнасць акумулятарнага заводу да правядзення паўторных грамадскіх слуханняў.
Як распавёў берасцейскі праваабаронца, юрыст Раман Кісляк, рашэнне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу і будзе абскарджанае.
«Ініцыятыўная група будзе абскарджваць гэтае рашэнне, і справа будзе разглядацца ў Берасцейскім абласным судзе. Таксама, мы рыхтуемся да судоў з іншымі скаргамі, яны будуць крыху з іншай нагоды, але таксама супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Тое, што грамадзяне атрымалі негатыўнае рашэнне суду, яшчэ не азначае, што барацьба супраць акумулятарнага заводу спынілася. Яшчэ некалькі працэсаў у судах Берасьця будзе адбывацца наконт гэтага», — расказаў Раман Кісляк.


Змаганьне супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці працягваецца з пачатку гэтага году, калі людзі даведаліся пра пачатак яго будаўніцтва. Берасцейцы сабралі каля 37 тысяч подпісаў супраць заводу і накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі.
Цягам усяго сакавіка па нядзелях праціўнікі акумулятарнага заводу выходзяць з маўклівым пратэстам на галоўную плошчу Берасьця.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем пачала ў канцы 2017 году кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасцем. За два кіламетры — рака Мухавец. Афіцыйная экалагічная экспертыза прагназуе, што ўздзеянне заводу на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.