Блогерам Пятрухіну і Кабанаву не дадуць выступіць у судзе з апошнім словам
18 сакавіка ў Ленінскім судзе Магілёва не задаволілі хадайніцтва Сяргея Пятрухіна аб выступленні на працэсе з апошнім словам. У ім ён збіраўся выказаць сваю пазіцыю адносна абвінавачання. Зварот у суд Пятрухін даслаў з карцара следчага ізалятара, піша «Свабода».
11 лютага на першым судовым пасяджэнні за парушэнне
парадку яго правядзення суддзя Вольга Краўчанка выдаліла з залы абодвух
абвінавачаных. У далейшым іх на працэс не дастаўлялі.
Пятрухін у хадайніцтве тлумачыў неабходнасць выступіць на
судзе тым, што падчас папярэдняга следзтва адмаўляўся даваць паказанні. А
агучыць іх на судовым працэсе, на ягоную думку, «неабходна і вельмі важна».
Адсутнасць на судзе ён разглядае як пазбаўленне «ўсіх правоў, якімі яго
надзяліў закон». Выстаўленае абвінавачванне называе «абсурдным, незаконным, не
пацверджаным ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведным рэчаіснасці».
Вяртанне Пятрухіна на працэс падтрымалі ягоная адвакатка і
абаронца інтарэсаў Кабанава. Яны настойвалі, што толькі абвінавачаныя могуць
патлумачыць факты і абставіны, якія з'яўляюцца падставай для крымінальнага
пераследу. Наяўнасць жа кваліфікаванага абаронцы не забяспечвае поўнага і
ўсебаковага разгляду справы.
Супраць выступіла прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачвання.
Яна адзначала, што падобныя звароты суд ужо разглядаў. На яе думку, такі захад
уздзеяння, як выдаленне з залы падсудных, быў ужыты абгрунтавана. Паводле
пракурора, абвінавачаныя «груба парушалі парадак на судовым пасяджэнні, злосна
не падпарадкоўваліся законным патрабаванням яго старшыні». Пазіцыю
прадстаўніцы абвінавачання падтрымала суддзя.
Блогерам з Берасця Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву,
якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі, інкрымінуюць арганізацыю групавых
дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама знявагу
прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Акрамя таго,
Пятрухіна судзяць за абразу суддзі. Абодвум пагражае да 3 гадоў зняволення.
Сваёй віны яны не прызнаюць.
11 сакавіка стала вядома, што Сяргей Пятрухін парэзаў сабе
вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камеры і кантынгенту, з якім мусіць
у ёй знаходзіцца. Зняволенага адправілі ў карцар. У ім ён меўся знаходзіцца да
17 сакавіка.
У хадайніцтве ў суд Пятрухін пацвердзіў, што ў карцар
трапіў 25 лютага. Пра прычыны не згадваў. Пры гэтым адзначыў, што 2 сакавіка ад
супрацоўнікаў Магілёўскай турмы № 4 даведаўся: пакуль ён у карцары, ягоныя
скаргі не будуць рассылацца адрасатам.
18 сакавіка кіраўніку абласной арганізацыі АГП Уладзіміру
Шанцаву ўдалося перадаць Пятрухіну перадачу. Шанцаў зрабіў з гэтага выснову,
што Пятрухіна выпусцілі з карцару.
Наступнае, дзясятае судовае пасяджэньне прызначанае на 25
сакавіка.