Актывістка Вольга Паўлава пра карцар і галадоўку. «Я не гатовая жыць у Паўночнай Карэі».

Палітзняволеная Вольга Паўлава абскардзіла ў Мінскім гарадскім судзе вынесены ёй прысуд у тры гады хатняй «хіміі». У якіх умовах давядзецца адбываць пакаранне, яна пакуль не ведае, распавядае «Свабода».

848206b7_dd8c_4193_bd59_9ee60f4393de_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.webp

У чым абвінавацілі Вольгу Паўлаву

19 лютага Ленінскі суд Мінску прысудзіў 32-гадовай Вользе Паўлавай тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Прысуд вынесла суддзя Ленінскага суда Мінска Марына Запаснік.

Пры адбыцці пакарання жанчыне будзе залічана знаходжанне пад вартай з 18 лістапада па 19 лютага (адзін дзень прыраўноўваюць да двух дзён абмежавання волі).

Вольгу вызвалілі з-пад варты ў залі суда, цяпер яна пад падпіскай аб нявыездзе.

14845fb4_50f3_4348_ba5d_d25cfaefe6c6_w650_r0_s.webp

Паводле выраку, Вольга 1 лістапада на несанкцыянаванай акцыі «публічна выкрыквала лозунгі, падымала рукі ўгору», не рэагавала на патрабаванні амапаўцаў і разам з іншымі перашкаджала руху транспарту.

Вольга Паўлава адмовілася даваць паказанні і не выказвалася пра абвінавачанне.

Падчас ператрусу ў яе знайшлі два сцягі з надпісам «Страна для жизни. Уручье» і «Страна для жизни». Іх суд пастанавіў знішчыць.

Хто такая Вольга Паўлава

Вольга мае вышэйшую медыцынскую адукацыю, працавала галоўным касметыкам на прадпрыемстве «Беліта», мае 6-гадовага сына. Калі заўважыла канал Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», шмат глядзела і чытала пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і захацела далучыцца да каманды Святланы Ціханоўскай, збірала за яе подпісы.

1_403.webp

«Проста паўстаў выбар: альбо ты ўдзельнічаеш, альбо працягваеш жыць як жыў. Я выбрала ўдзельнічаць. Працу заўсёды можна знайсці, а іншую краіну — не, краіна адна», — кажа Вольга.

Цяпер Вольга як рамеснік займаецца фларыстыкай. Таксама яна дапамагае збіраць перадачы для палітзняволеных, асабліва для тых, хто не мае магчымасці атрымаць іх ад сваякоў.«Пабыўшы там, па той бок, я разумею, наколькі гэта важна», — кажа яна.

Падчас пратэстаў Вольгу Паўлаву затрымлівалі чатыры разы. 9 жніўня яе параніла светлашумавой гранатай каля стэлы.

«Дагэтуль застаўся след ад аскепкавага ранення. Калі людзей закідвалі гранатамі, мне таксама прыляцела. Тады гэта быў стан шоку».

Яна кажа, што пасля ўсяго перажытага мае глыбокую псіхатраўму.

«Зараз я збіраю дакументы на шпіталізацыю ў аддзяленне неўрозаў, бо ў мяне панічныя атакі, посттраўматычны сіндром. Трэба лячыцца, паціху выходзіць з гэтага стану».

«З супрацоўнікамі хунты я вітацца не збіраюся»

Апошні раз Вольгу затрымалі 15 лістапада на «Плошчы Перамен», куды яна прыйшла, каб запаліць зніч, і завялі на яе крымінальную справу. З Мінска яе этапавалі ў турму №8 у Жодзіна.

Вольга Паўлава 2 снежня трапіла ў карцар за тое, што адмовілася вітацца з ахоўнікамі.

«Яны асобы службовыя, а я грамадзянская, таму яны абавязаны былі вітацца. Паколькі я іх не паважаю, то вітацца з імі не збіралася. Хаця ў астатнім я выконвала ўсё, што патрабавалася. Іх пачало проста рваць, яны крычалі, што я абавязаная. Я папрасіла паказаць закон ці правілы, што я абавязаная. А паколькі я не абавязаная, то гэты выбар застаецца за мной. На мяне склалі рапарт, у якім я патлумачыла, што ў нас у краіне не манархія, а рэспубліка. І з супрацоўнікамі хунты я вітацца не збіраюся. Я думаю, ім было весела паглядзець, ці буду я вітацца з начальнікам, мо спалохаюся, але гэтага не адбылося».

Вольга спачатку атрымала 7 сутак карцару, потым яшчэ 5 і яшчэ, усяго 17.

2_368.webp

Як выглядае карцар у Жодзіне

Паводле Вольгі, яе карцар №111 — гэта невялікае памяшканне. Яна яго замярала крокамі: гэта прыкладна 1,5 метра ў шырыню на 2,5 у даўжыню, з дрэннай вентыляцыяй.

«Гэта цокальны, падвальны паверх. Там маленькае акенца з металічнымі кратамі і "раснічкамі", якое практычна не прапускае святла. Хаця дзённае і начное святло гарыць 24 гадзіны на суткі.

У цэнтры памяшкання знаходзіцца крэсла, забетанаванае ў падлогу. Прычым бетон заліты нейкімі хвалямі і ўпадзінамі. Крэсла металічнае, у цэнтры драўлянае, але паколькі яно вельмі маленькае, то, як ні садзіся, усё роўна будзеш сядзець на метале.

Там ёсць ракавіна, прыступка і прыбіральня, як на вакзале. Насупраць прыбіральні вісіць відэакамера. Нары на дзень падымаюць да сцяны, і атрымліваецца невялікі столік з падножкі. На ім змяшчаецца толькі талерка і кубак. На ноч дастаюць металёвую палку, і тады ложак адкідваецца ад сцяны і абапіраецца краем на крэсла.

Перад дзвярыма ўсталяваныя металічныя краты, якія замыкаюцца на замок. У металічных дзвярах, якія маюць некалькі засавак, ёсць акно, праз якое ты нічога не бачыш, але цябе бачаць усе».

Нары ў карцары раскладваюцца ўвечары.

«Прыходзяць ахоўнікі з сабакамі без наморднікаў, дастаюць металічны штыр, нары падаюць. Адчыняюць дзверы, ты выходзіш у падсобнае памяшканне, забіраеш матрац і вяртаешся».

Вольга кажа, што сядзець на металічным крэсле ў карцары было нязручна.

«Я казала начальніку турмы, што гэта дрэнная ідэя трымаць жанчыну ў карцары, дзе толькі халодная вада з-пад крана і металічнае крэсла. Ён сказаў, маўляў, усё аднолькава. Я садзілася на гумавыя тапкі на бетоннай падлозе».

У карцар з камеры дазваляюць узяць толькі бялізну, шкарпэткі, выдаюць адмысловыя штаны, камізэльку, гумавыя тапкі; можна ўзяць туалетную паперу, мыла, зубную шчотку і пасту. Вользе таксама дазволілі ўзяць акуляры. Паперу для пісьма і ручку ўзяць у карцар не дазваляецца, таксама там няма магчымасці чытаць кнігі, няма радыё. У карцары толькі халодная вада, кіпяцільніка няма, перадачы атрымаць немагчыма.

«У карцары нічога нельга, там рэжым цішыні. Перагаворвацца з вязнямі ў суседніх памяшканнях забаронена. Хаця, калі нехта чхае ў суседняй камеры, то гэта добра чуваць. Усе сядзяць і маўчаць. Там у меню недастатковая колькасьць клятчаткі, таму, калі няма перадач, амаль усе пакутуюць ад запораў, — кажа Вольга. — У камерах вялізная колькасць тараканаў, апроч карцара. Але ў карцары ёсць мышы. Я аднойчы так спалохалася, крычала і адразу пачала стукаць у дзверы. Гэта было так нечакана», — кажа Вольга.

Нейкіх надпісаў на сценах карцара яна не бачыла, але са сцен асыпаецца тынкоўка. Распарадкам дня прадугледжана пяціразовае прыбіранне камеры.

«Карцар — гэта пекла на зямлі. Папраўдзе, калі маеш кепскае ўяўленне, то там можна звар’яцець. Ты проста выратоўваешся тым, што нешта ўяўляеш, — кажа Вольга, — Штодня ты маеш гадзіну прагулкі. Усё роўна цябе выводзяць адну, даюць шапку-аблавух, целагрэйку і заводзяць у дворык на аднаго. Гэта таксама невялікае бетоннае памяшканне, не большае за камеру, зверху краты і лавачка. Пакуль гуляеш, там чуваць радыё».

Галадоўка ў карцары


За нібыта знойдзены пыл на ложку Вользе дадалі яшчэ пяць сутак карцару. Яна аб’явіла галадоўку, якая працягвалася 10 дзён, і напісала ў заяве, што начальнік турмы перавышаў службовыя паўнамоцтвы.

«За гэты час прыехаў адвакат, а я не магла да яго выйсці ад слабасці. Гаспадарчы работнік данёс мяне да адваката, — кажа Вольга, — Я нават акуляры не магла надзець, бо ў мяне адразу кружылася галава і я падала. І ў гэтыя дні я проста ляжала на бетоннай падлозе. Мяне нават спрабавалі паставіць на ўлік па суіцыдзе, маўляў, тое, што я абвясціла галадоўку, — гэта схільнасць да суіцыду. Я сказала, што ў мяне схільнасць да справядлівасці. У мяне ў карцары праз дзень рабілі шмон. Мяне нават папярэджвалі, што праз 14 дзён могуць пачаць карміць прымусова».

У карцар Вольгу накіравалі, нягледзячы на тое, што яна папярэдзіла супрацоўнікаў турмы, што пакутуе ад панічных атак і клаўстрафобіі.

«У мяне гэта ўсё пачалося пасля жніўня, калі я трапіла ў ЦІП на Акрэсціна. Псіхічная траўма была атрыманая там падчас катаванняў, калі нас было 36 чалавек у камеры, мы задыхаліся і на нас вылілі два вядры вады, — кажа Вольга. — І калі я трапіла ў карцар, у маленькае, душнае памяшканне, мозг вярнуўся ў жнівень, калі мы ўсе задыхаліся. Гэта паніка, страх смерці, моцная тахікардыя, арытмія. Ты не можаш выйсці, і ты задыхаешся».

Пасля галадоўкі Вольга трапіла ў санчастку.

3_334.webp

Што Вольга думае цяпер пра будучыню, пра краіну, пра ўсю сітуацыю?

«Мы станем вольнымі, калі возьмем на сябе частку калектыўнай адказнасці. Бо цяперашняя сістэма няжыццяздольная ад пачатку, — кажа Вольга. — Мне будзе вельмі шкада, калі ўсё так і застанецца. Але я не гатовая жыць у Паўночнай Карэі і не гатовая ахвяраваць сваім адзіным дзіцем».