Больш за 100 прадстаўнікоў рэгіёнаў ужо вылучаны на Усебеларускі кангрэс за незалежнасць

Ужо больш за 100 прадстаўнікоў рэгіёнаў вылучаны на Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, што мае адбыцца ў Мінску ў першай палове дня 21 снежня.



arhkamitet_ukn_5_12_14_logo.jpg

Больш за 100 прадстаўнікоў рэгіёнаў ужо вылучаны на Усебеларускі кангрэс за незалежнасць

Аб гэтым 5 снежня ў Мінску на пасяджэнні аргкамітэта кангрэса паведаміла яго каардынатар, мовазнаўца і грамадская дзяячка Алена Анісім. Прычым, паводле яе слоў, вылучэнне прадстаўнікоў на кангрэс актыўна адбываецца ва ўсіх абласцях Беларусі, у сталіцы, і закончыцца 15 снежня. На сходы ў рэгіёнах збіраюцца неабыякавыя людзі, якія падтрымліваюць палажэнні нядаўна апублікаванага праекту Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі, вылучаюць сваіх прадстаўнікоў на кангрэс, а таксама аплачваюць ім праезд у сталіцу і назад, сказала Алена Анісім.

Сябры аргкамітэта абмеркавалі і зацвердзілі парадак дня кангрэса, склад яго камісій і спіс гасцей — выбітных дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння, для каго незалежнасць з’яўляецца вялікай каштоўнасцю і хто сваім жыццём і ўчынкамі пацвердзіў гэта.

Падчас кангрэса мяркуецца прыняць заяву аб неабходнасці яго пастаяннай працы. Такім чынам, кангрэсу будзе нададзены статус пастаянна дзеючай пляцоўкі для вырашэння наспелых праблемаў нацыянальнага жыцця і існавання Рэспублікі Беларусь як незалежнай суверэннай дзяржавы. 

Сустаршынямі кангрэсу абраныя акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання Мечыслаў Грыб, педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас, былы суддзя Канстытуцыйнага суда першага складу, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, а таксама гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў.

На сёння памяшканне для правядзення кангрэсу ёсць, аднак яно разлічана максімальна на 120 чалавек, таму аргкамітэт займаецца пошукам большага памяшкання, каб размясціць усіх удзельнікаў гэтага прадстаўнічага форуму.

На адрас аргкамітэта кангрэса прыйшоў ліст ад старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазняка, які выказаў падтрымку дзейнасці па падрыхтоўцы і правядзенні кангрэса, а таксама зрабіў некалькі прапаноў да праекту Маніфеста.

Такім чынам, на сённяшні дзень ідэю правядзення кангрэсу падтрымала шырокая беларуская грамадскасць па ўсёй краіне, а таксама Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Рада беларускай інтэлігенцыі, Партыя БНФ і КХП — БНФ.