Ці гатовыя генералы і прапагандысты паслаць на вайну сваіх дзяцей і ўнукаў?

Беларускія маці, у якіх дзеці зараз служаць у войску, пасівеюць за гэтыя дні чакання магчымай вайны з Украінай, — піша на старонках «Народнай Волі» Марыя Шаўлюк.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_813_logo_1.jpg

Тэлебачанне паказвае эшалоны ваеннай тэхнікі, якія рухаюцца ў бок мяжы з Украінай на вучэнні. Розныя СМІ паведамляюць пра магчымасць вайны паміж Украінай і Расіяй, у якую можа быць уцягнута Беларусь. У мінулыя выхадныя Аляксандр Лукашэнка апрануўся ў форму з генеральскімі лампасамі, як заўважылі некаторыя аглядальнікі, таксама не дзеля мірнай справы.

«З намі не трэба звязвацца. Нас немагчыма перамагчы. І па духу мы людзі такія, што немагчыма перамагчы, і па тэрыторыі: ад Брэста да Уладзівастока – ужо шмат хто спрабаваў, мы памятаем. Чым скончылася – зразумела. Таму не трэба нас тузаць. Мы ні да кога ў агарод не лезем, у нас зямлі дастаткова. Дай Бог яе ўтрымаць і асвоіць. Вось нашы мэты. Але яшчэ раз паўтараю, калі хто не зразумеў: «Ламанём так, што мала не падасца». Я не пагражаю, я папярэджваю», – заявіў ён.

З аднаго боку, кіраўнік Беларусі гаворыць пра прастору ад Брэста да Уладзівастока як пра тэрыторыю адзінай адказнасці. З другога – ён сцвярджае, што «мы ні да кога ў агарод не лезем». Маўляў, гэта на нас хочуць напасці.

А як жа Крым? Як жа Луганская і Данецкая вобласці? Ці гэта не была і не ёсць спроба Крамля залезці ва «ўкраінскі агарод»? Што, сёння і мы на баку імперцаў?

І ўсё ж я хачу выказацца не пра вялікую палітыку. Мне падаецца, што за гэтымі перасоўваннямі войскаў, эшалонаў тэхнікі Аляксандр Лукашэнка забыўся пра людзей.

Ці ведае ён, што беларускія маці, у якіх дзеці зараз служаць у войску, пасівеюць за гэтыя дні чакання магчымай вайны з Украінай? Што пасля кожнага з’яўлення на экране «баявога беларускага генерала» з расповедам на тэму «Мы гатовы да вайны» яны хапаюцца за сардэчныя кроплі.

Ці ведае ён, як рэагуюць звычайныя людзі на прамовы пра гатоўнасць кінуць нашых салдат у якое-небудзь чарговае пекла?

Ці гатовы сам Аляксандр Лукашэнка, ягоныя генералы і прапагандысты паслаць на вайну сваіх дзяцей і ўнукаў?

Марыя ШАЎЛЮК.