Цяпер не час для забаўляльна-турыстычных паездак у Беларусь: Ціханоўская звярнулася да жыхароў Літвы і Латвіі

Офіс Святланы Ціханоўскай звярнуўся да жыхароў Літвы і Латвіі: калі вы прыязджаеце ў Беларусь за пакупкамі больш танных тавараў, памятайце, што ў краіне цяпер больш за 1200 палітвязняў».

 Фота euroby.info

 Фота euroby.info

Па словах Ганны Красулінай, прэс-сакраткі Офіса Ціханоўскай, немагчыма адмаўляць значнасць і важнасць добрасуседскіх адносін, аднак важна, каб грамадзяне Літвы і Латвіі разумелі, што наведванне Беларусі ў забаўляльных і турыстычных мэтах наўрад ці дарэчы, калі колькасць палітычных зняволеных ужо больш за 1200 чалавек, паведамляе www.delfi.lt.

«Палітычныя зняволеныя ў Беларусі — гэта, як і ў савецкія часы ў Літве і Латвіі, — лепшыя людзі краіны, якія не рабілі нічога дрэннага, але выказвалі сваю пазіцыю ў дачыненні да нелегітымнай улады, гвалту і беззаконня ў краіне», — кажа Ганна Красуліна. І нагадвае, што «многія беларусы, уключаючы Святлану Ціханоўскую, не могуць паехаць у Беларусь цяпер, паколькі неадкладна трапяць там у турму, дзе ўжо сядзяць іх родныя, блізкія і сябры. Калі замежнікі едуць у забаўляльна-турыстычныя паездкі ў Беларусь у такіх умовах, атрымліваецца, што яны проста заплюшчваюць вочы на ўсе палітычныя праблемы і несправядлівасць, якія там адбываюцца».

Ганна Красуліна звяртае ўвагу на тое, што паездкі і набыццё ў Беларусі тавараў, якія з'яўляюцца больш таннымі (у прыватнасці, гаруча-змазачныя матэрыялы), — гэта ўклад у бюджэт краіны, улады якой падтрымліваюць Пуціна ў вайне супраць Украіны. «Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, — канстатуе прэс-сакратарка Ціханоўскай, — існуе пераважна дзякуючы эканамічнай падтрымцы з боку Расіі. Купля беларускіх тавараў, якія вырабляюцца на дзяржаўных прадпрыемствах і, асабліва, купля паліва на аўтазапраўках, — гэта падтрымка не толькі беларускіх уладаў, але і Расіі».

Ганна Красуліна падкрэслівае, што «паездкі літоўцаў і латышоў у Беларусь ужо выкарыстоўваюцца і цалкам сапраўды будуць выкарыстаныя і далей беларускай прапагандай ва ўласных мэтах, каб паказаць, як грамадзяне суседніх краін нібыта пагалоўна незадаволеныя сітуацыяй у сябе на радзіме і ў Еўрапейскім саюзе ў цэлым». «Цяпер мы просім крытычна паглядзець на тое, што адбываецца ў Беларусі, падумаць аб усіх палітычных зняволеных і трагічных палітычных падзеях, якія адбываюцца ў гэтай краіне, і ўстрымацца ад неабавязковых паездак», — адзначае прадстаўнік офіса Святланы Ціханоўскай у сувязі з тым, што бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы і Латвіі працягнуты.  

Нагадаем, 15 траўня Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю аб падаўжэнні бязвізавага рэжыму для грамадзян Літвы і Латвіі да канца 2022 года.