Чаму для экспертаў няма доступу на будаўнічую пляцоўку БелАЭС?

Эксперты і грамадскія актывісты ў чарговы раз уздымаюць пытанне адкрытасці і празрыстасці для грамадства працэсу будаўніцтва АЭС перад адказнымі асобамі.

Астравецкая АЭС

Астравецкая АЭС

“На пачатку красавіка мы звярнуліся ў дырэкцыю атамнай электрастанцыі, каб правесці супольна з імі круглы стол па пытаннях празрыстасці і адкрытасці будаўніцтва АЭС. Але дырэкцыя не пайшла насустрач. Нам нічога не заставалася, каб проста сабраць мясцовых актывістаў, якія пражываюць у рэгіёне будаўніцтва, запрасіць экспертаў, якія валодаюць хоць нейкай інфармацыяй, і пагаварыць пра далейшыя нашыя крокі”, — адзначае праваабаронца з г. Маладзечна Алесь Капуцкі.

Грамадскі актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч адзначае, што грамадскія актывісты і зацікаўленыя людзі накіроўваюць свае высілкі на тое, каб спыніць будаўніцтва, якое нічога добрага Беларусі не прынясе.

“І зараз небяспека як ніколі вялікая. Пра гэта сведчаць тыя выпадкі, што адбыліся ў 2016 годзе, калі адзін рэактар выранілі на зямлю, а другі — ударылі аб слуп электраперадачаў”, — кажа ён.

Алесь Капуцкі падкрэслівае:

“Усё закрыта, ніхто нічога не ведае, інфармацыя хаваецца. Пытанне: “Чаму? Чаму няма доступу незалежнай грамадскасці і экспертаў на будаўнічую пляцоўку?” Значыць, напэўна ёсць што хаваць”.

Сябра Рады грамадскага аб’яднання “Экадом”, адказны сакратар грамадскай экалагічнай экспертызы праекта Беларускай АЭС Таццяна Новікава лічыць:

“Праблема ў тым, што Беларусь парушыла Орхускую канвенцыю, канвенцыю ЭСПА у працэсе будаўніцтва, таму што яна не ўлічыла ні меркаванне грамадскасці пры прыняцці рашэння пра будаўніцтва беларускай АЭС, ні меркаванне суседніх краінаў”. 

spring96.org