Украіна і Беларусь інвестуюць 30 млн долараў у суднаходства па Дняпры

Украіна і Беларусь гатовыя інвеставаць у рэалізацыю праекта па аднаўленні міжнароднага суднаходства па Дняпры $30 млн. Пра гэта заявіў намеснік міністра інфраструктуры Украіны Віктар Доўгань.

Фота: iStock/Global Images Ukraine

Фота: iStock/Global Images Ukraine


Пры гэтым на пачатковым этапе беларускі бок можа вылучыць $5 млн, а ўкраінскі — $25 млн, паведамляе liga.net.
"Мы разам хочам аднавіць суднаходства па Дняпры, каб беларускія калій і нафтапрадукты былі гатовыя далей пайсці па Дняпры ў Чорнае мора і адтуль на экспарт", — сказаў Доўгань.
Паводле яго слоў, на гэта Беларусі спатрэбіцца выдаткаваць $5 млн для паглыблення дна на сваім участку Дняпра. Пры падтрымцы замежных інвестараў Украіна выдзеліць $25 млн на мадэрнізацыю шлюзаў і паглыбленне дна.
Доўгань распавёў, што ў бліжэйшы час у Кіеве пройдзе міжнародная канферэнцыя, удзельнікі якой абмяркуюць рэалізацыю праекта на доўгую перспектыву. "Гаворка ідзе пра мільярдны партфель крэдытаў для партоў, шлюзаў, паглыблення Дняпра",  — удакладніў ён.
Доўгань адзначыў, што на днях Міністэрства інфраструктуры атрымала адабрэнне ад прыродаахоўных ведамстваў на правядзенне гэтых работ. "Афіцыйна паперы яшчэ няма, але ў Мінпрыроды нам сказалі, што ўсё ў парадку, капайце, рабяты", — дадаў ён.
Па словах Доўганя, неўзабаве кіраўнік Мінтранса Беларусі Анатоль Сівак наведае Кіеў, каб выпрацаваць дарожную карту рэалізацыі гэтага праекта. Доўгань падкрэсліў, што, па яго дадзеных, у Беларусі гэты праект знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка краіны, таму ўкраінскі бок не сумняваецца, што Мінск знойдзе сродкі на яго рэалізацыю і выканае работы ў тэрмін.