Чвэрць літоўцаў бачыць у Мінску пагрозу. А было амаль удвая менш
Калі б давялося са зброяй у руках бараніць радзіму, то выказалі такую гатоўнасць 24% апытаных літоўцаў, паведамляе «Радыё Свабода».
Літоўская кампанія Spinter tyrimai правяла апытанне наконт пагрозаў для Літвы. У даследаванні на замову Міністэрства абароны і Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў бралі ўдзел 1007 жыхароў Літвы ва ўзросце ад 18 да 75 гадоў, піша delfi.lt.
Асноўныя пытанні былі аб краінах, якія пагражаюць Літве, і гатоўнасці літоўцаў бараніць сваю дзяржаву ў разе небяспекі. Рэйтынг узначаліла Расія. 63% рэспандэнтаў лічаць, што вонкавая палітыка Расеі нясе пагрозу для Літвы.
На другім месцы з вынікам 23% — Беларусь. У 2016 годзе адсотак літоўцаў, якія лічылі замежную палітыку Беларусі небяспечнай, быў амаль удвая меншы — 13%.
Delfi.lt звяртае таксама ўвагу, што пасля таго як у ЗША прэзідэнтам стаў Дональд Трамп, павялічылася колькасць жыхароў Літвы, якія лічаць, што замежная палітыка ЗША ўяўляе пагрозу для іх дзяржавы — 14%. Два гады таму такіх было 7%.
Яшчэ менш жыхароў лічаць, што пагрозу для Літвы ўяўляе замежная палітыка Нямеччыны (9%), Польшчы (5%), Швецыі, а 3% удзельнікаў апытання ўважаюць, што пагрозай для Літвы ёсць вонкавая палітыка Латвіі.
Калі б давялося са зброяй у руках бараніць радзіму, то выказалі такую гатоўнасць 24% удзельнікаў апытання.
У асноўным гэта маладыя людзі літоўскага этнічнага паходжання з вясковых раёнаў. Толькі 14% апытаных лічаць, што літоўская армія належна падрыхтаваная абараняць краіну.