Да 100-годдзя БНР улады прапануюць канцэрт і мітынг
Мінгарвыканкам прапанаваў арганізатарам святкавання 100-годдзя БНР 25 сакавіка правесці толькі мітынг і святочны канцэрт, без шэсця.
![Дзень Волі, 2015 год. Фота news.21.by Дзень Волі, 2015 год. Фота news.21.by](/img/v1/images/img_9467_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзень Волі, 2015 год. Фота news.21.by
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Fаcebook сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
«Улады прапануюць аргкамітэту падаць новую заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрту ў парку імя Янкі Купалы або каля Опернага тэатра. У выпадку згоды прапаноўваюць нават сваю гукаўзмацняльную апаратуру, не патрабаваць грошы за паслугі хуткай і міліцыі, згодныя ўсталяваць памятны знак да 100-годдзя БНР».
Нагадаем, што згодна з планам адзначэння 100-годдзя БНР, вызначаным апазіцыяй, збор удзельнікаў акцыі, якая атрымала назву «Свята Незалежнасці», меркаваўся на плошчы Якуба Коласа. Адтуль шэсце мусіла прайсці да плошчы Свабоды, дзе завершылася б мітынгам-канцэртам.