Да Арцёма Анішчука не пускаюць адваката і назіральнікаў грамадскай камісіі. Жонка баіцца за яго

Раней Арцём Анішчук заяўляў, што яго катуюць у калоніі. Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць,што ў калонію №15 да Арцёма Анішчука не пусцілі прадстаўнікоў грамадскай назіральнай камісіі. Жонка вязня Вольга таксама распавяла «Вясне», што да Арцёма тры тыдні не пускаюць адваката — столькі ж не было ад яго лістоў.

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org


Вольга Анішчук лічыць, што адміністрацыя хавае Арцёма, і ў сувязі з гэтым сур'езна клапоціцца аб яго стане ў калоніі №15.
Як распавяла «Вясне» Вольга, апошні ліст ад мужа з калоніі быў датаваны 9 ліпеня. Адвакат апошні раз да яго патрапіў 14 ліпеня — больш наведаць Анішчука яму не далі. Таксама начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка не прыняў адваката ў прыёмны дзень, бо нібыта яму кудысьці трэба было з'ехаць.
Паводле слоў Арцёма, увечары 13 ліпеня яго перавялі ў атрад. У камеры ён знаходзіцца яшчэ з трыма людзьмі. Ужо раніцай 14 ліпеня на Арцёма Анішчука «павесілі» парушэнні і адправілі на гутарку з аператыўным супрацоўнікам. Як сказаў Арцём, начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка пагражаў яму артыкулам 410 Крымінальнага кодэкса («Дзеянні, якія дэзарганізуюць працу папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі», караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў).
Таксама Вольга адзначае, што па следстве ў дачыненні да яе мужа па крымінальнай справе арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы») нічога невядома ні ёй, ні Арцёму, ні нават адвакату.
«Я хвалююся за стан Арцёма, што з ім адбываецца. Можа ён захварэў, можа яго збілі...» — кажа Вольга.


Паводле інфармацыі «MAYDAY», упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці адмовіла прадстаўнікам Магілёўскай абласной ГНК у наведванні ПК-15. Там назіральнікі планавалі сустрэцца з Арцёмам Анішчуком. Афіцыйна прычынай адмовы стала «небяспека распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі».
Вольга Анішчук падала заяву ў ГНК для візіту назіральнікаў у калонію для праверкі інфармацыі аб катаваннях, але ім, як ужо згадвалася вышэй, адмовілі.
Раней Вольга гаварыла, што ў ПК-15 ужываюць гвалт у дачыненні да яе мужа. Каб выратавацца ад катаванняў, Арцём праглынуў металічныя прадметы. Пазней з'явілася інфармацыя, што пасля рэзанансу гісторыі ў СМІ і пракурорскай праверкі Арцёма збіў начальнік калоніі.


Нагадаем, на Арцёма Анішчука ў магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы»). Прычына новай «крыміналкі» — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца.
Жонка асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў» Арцёма Анішчука ў Магілёўскай калоніі паведаміла, што да яго не змог трапіць адвакат.


Прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» заклікаюць улады Беларусі:
прыняць неадкладныя захады, скіраваныя на спыненне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да зняволенага папраўчай калоніі №15 Арцёма Анішчука;распачаць эфектыўнае расследаванне ўсіх фактаў катаванняў, якія былі дапушчаныя ў дачыненні да Арцёма Анішчука службовымі асобамі ПК №15, і адхіліць іх ад займаных пасад на перыяд правядзення следства;прыняць захады па аказанні неабходнай медыцынскай дапамогі.

За што асудзілі Арцёма?

Нагадаем, пяцярых мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля машыны намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў ВК, ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС Аляксандр Гейца. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і «ONT NEWS», бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю. Паводле паказанняў абвінавачаных, у пашкоджанні аўто і пры затрыманні прысутнічалі каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных — пяцёра. У матэрыялах справы астатнія фігуруюць як «неустаноўленыя асобы» ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справе супраць пяцярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства»). Матэрыяльная шкода машыне склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуку ў іх дамах і машынах пасля затрымання: па ч. 1 арт. 295-3, ч. 2 арт. 296, 329 і па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Віктар Шаўцоў асудзіў пяцярых мінчукоў на тэрміны ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.