Даеш падатак на яйкі!
Актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» 31 студзеня зладзілі ў пераходзе станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» антыпадатковы пікет.
У пераходзе былі змешчаны схематычныя скрыні для збору сродкаў з адпаведнымі назвамі падаткаў. Сярод іх — падатак на яйкі, на паветра, на лішнія кілаграмы, на сонца і снег, на розум, на здароўе. У цэнтры была змешчана расцяжка «Магчымыя падаткі ад нашай улады: калі мы будзем маўчаць — гэта стане рэальнасцю!».
Такімі дзеяннямі актывісты прыцягваюць грамадскую ўвагу і пратэстуюць супраць дзеяння ў Беларусі дэкрэта «аб дармаедах» ды іншых фінансавых паборах насельніцтва.
Акцыя праходзіла гадзіну, пакуль не прыбылі супрацоўнікі міліцыі і невядомыя асобы ў цывільным.