Дактарам дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без правядзення тэстаў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі дазволіла дактарам у паліклініках ставіць дыягназ «інфекцыя COVID-19» без правядзення абавязковага ПЦР або антыген-тэставання. Для пастаноўкі дыягназу з гэтага часу дастаткова таго, што ў пацыента ёсць клінічныя сімптомы каронавіруснай інфекцыі і/або прыкметы кавіднай пнеўманіі на рэнтгене або тамаграфіі.

photo_2021_05_15_13_59_18.jpg


Адпаведны загад Міністэрства аховы здароўя быў падпісаны напярэдадні, піша Еўрарадыё.

Вынік тэсту ніяк не ўплывае на лячэнне, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. Нейкага спецыяльнага лячэння ад каронавіруснай інфекцыі няма. Калі захворванне працякае ў лёгкай форме, то пацыента пакідаюць дома і рэкамендуюць шмат піць, прыняць парацэтамол у выпадку павышэння тэмпературы і купіраваць сімптомы. У выпадку пнеўманіі медыкі карэктуюць лячэнне.

Адмовіцца ад абавязковага тэставання ў Міністэрстве аховы здароўя вырашылі, каб знізіць колькасць наведвальнікаў у паліклініках. І, адпаведна, зменшыць рызыку іх заражэння.

Напярэдадні ў мінскіх паліклініках утварыліся вялізныя чэргі. Яны з’явіліся ў тым ліку і таму, што зрабіць тэст прыйшлі сваякі тых, хто захварэў, палічылі ў Міністэрстве аховы здароўя. «Частка людзей прыйшла зрабіць тэсты амбулаторна – у сувязі з тым, што ў іх дома ёсць сваякі, якія хварэюць», — казала, у прыватнасці, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Караткова.

Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы зазначаюць іншую логіку прынятага рашэння. Цяпер бясплатныя ПЦР тэсты будуць рабіць толькі шпіталізаваным пацыентам. Усім астатнім прыйдзецца рабіць платныя тэсты.