Беларуская лекарка напярэдадні: «50 пацыентаў з COVID-19 за змену». А як cправы з чэргамі ў лякарні зараз?

Тыдзень у Беларусі пачаўся з вялізных чэргаў у паліклінікі, праблемаў з выклікам лекараў на дом і тлумачэнняў Міністэрства аховы здароўя, што «гэта проста панядзелак», «гэта звязана з жаданнем грамадзян прайсці лабараторнае даследаванне».

_8v45s__1_.jpg

Пра сваё дзяжурства ў шпіталі, калі на беларусаў «напаў омікрон», расказала лекарка аднаго са шпіталяў. Яна дзяжурыла ў шпіталі з 30 на 31 студзеня.

«Спачатку паступленне пацыентаў было стандартнае. Хтосьці на планавую шпіталізацыю, хтосьці з экстраным зваротам па «хуткай» або самастойна з нейкай скаргай. Мая задача па дзяжурстве ў выходны дзень — працаваць на сваё аддзяленне і ў прыёмным пакоі з пацыентамі майго профілю, кансультаваць пацыентаў ад іншых лекараў па неабходнасці.

Усё было спакойна і нічога, як кажуць, не прадвяшчала бяды. Так, пацыенты «плюсавалі» [мелі пазітыўны тэст на Covid-19] пэрыядычна, але гэта былі адзінкавыя выпадкі. Мы іх выпісвалі, адпускалі дадому або пераводзілі ў інфекцыйныя аддзяленні. Дзень ішоў спакойна. Бліжэй да 17-й гадзіны ў прыёмным аддзяленні апынулася адначасова каля 15 тэрапеўтычных пацыентаў з дыягназам COVID, пнеўманія пад пытаннем. Гэта выглядала так, як быццам нехта даў каманду «фас!», — узгадвае лекарка.

Паводле яе словаў, людзі прыяжджалі і на «хуткай», і самастойна. Многія ўжо былі на бальнічным лісьце па COVID.

«Адзіны тэрапеўт у прыёмным аддзяленні з такім рэзкім аб’ёмам паступленняў проста «патануў» у іх. Усе, хто працаваў на змене, мабілізаваліся і дапамагалі. Нехта выйшаў па-за сваёй змены. Лекары ў аддзяленні ў экстраным парадку арганізоўвалі вольныя месцы, а мы дапамагалі тэрапеўту прымаць COVID», — расказала медык.

Лекарка падлічыла, што з 17.00 да 8.00 у стацыянар паступілі 30 пацыентаў з COVID-19. Яшчэ 20 дыягнаставаных пацыентаў мелі лёгкую форму, і іх адправілі лячыцца дахаты.

«Людзі былі розныя. Хтосьці лёгкай, хтосьці сярэдняй ступені цяжкасці. Хтосьці адкрыта сказаў, што прыехаў на хуткай, каб яму зрабілі КТ, і казаў: «Чорт вазьмі, я яшчэ доўга буду чакаць?!» Матывы людзей часам складана зразумець. Мы проста працавалі і рабілі сваю справу. І я скажу, што гэта не самая складаная ноч. Бывала і горш. Але мы дапамагалі адзін аднаму як маглі. Проста гэта было рэзка і раптам!» — кажа лекарка.

347ac45d0105b384269e7d59c23d45c5_5hhqz.jpeg

Між тым сёння, у аўторак, ад раніцы ў паліклінікі таксама стварыліся чэргі. Аднак ужо меншыя, чым напярэдадні, сведчыць «Анлайнер».

Таксама ў медыя з'явіліся паведамленні аб ноу-хау Мінздароўя. Ведамства дазволіла дактарам ставіць дыягназ «каронавірус» без правядзення ПЛР ці антыген-тэстаў. Такі загад падпісаны 31 студзеня 2022 года. Выключэнні складаюць выпадкі, калі патрабуецца шпіталізацыя ў стацыянар.