Дактары атрымаюць права выбару?
У беларускіх медыкаў можа з’явіцца права адмовіцца ад правядзення абортаў. Цяпер распрацоўваецца праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя».
У ім прадугледжваецца права лекара на адмову ад правядзення штучнага перапынення цяжарнасці. Такая адмова будзе магчымай пры наяўнасці пісьмовага апавяшчэння кіраўніка арганізацыі аховы здароўя і толькі ў тым выпадку, калі адмова непасрэдна не пагражае жыццю жанчыны.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў РБ Макарэвіч паведаміў прадстаўнікам інфармацыйнага сайта Sobor.by, што «пры далейшай дапрацоўцы закона «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» будзе разгледжана прапанова аб замацаванні права лекара на адмову ад правядзення рэдукцыі». Пад «рэдукцыяй» маецца на ўвазе змяншэнне колькасці эмбрыёнаў, якія прыжыліся, шляхам іх знішчэння (часцей за ўсё, праколваецца іголкай сэрца эмбрыёна).
У Рэзалюцыі ПАСЕ № 1763 (2010) «Права на адмову па меркаваннях сумлення пры прадстаўленні легальнай медыцынскай дапамогі» гаворыцца: «Ні адна асоба, бальніца або ўстанова не павінны быць вымушаны, прыцягнуты да адказнасці або дыскрымінаваныя ў якой-небудзь форме за адмову ад выканання, прадстаўлення, дапамогі ў ажыццяўленні або правядзення аборту, ажыццяўленні выкідыша ў чалавека або эўтаназіі або любога дзеяння, якое можа прывесці да смерці чалавечага плода або эмбрыёна, па любой прычыне».
Адкрытым застаецца і пытанне фінансавання перапынення цяжарнасці. Ідучы на аборт, жанчына плаціць толькі за наркоз, усе астатнія выдаткі аплачвае дзяржава.