«Датычнасць да міграцыйнага крызісу». Беларускага ваеннага аташэ выклікалі ў Мінабароны Польшчы

Ваеннага аташэ беларускай амбасады ў Польшчы Аляксея Бортніка напярэдадні ўвечары выклікалі ў польскае Міністэрства абароны. Пра гэта стала вядома з паведамлення беларускага ваеннага ведамства.

migrants_9_11_4_1.jpg

Польскі бок казаў пра «парушэнні польскай мяжы беларускімі вайскоўцамі і іх датычнасць да міграцыйнага крызісу». У Мінску з такой пастаноўкай пытання не згодныя.

«Нейкіх доказаў, зафіксаваных сродкамі аб'ектыўнага кантролю, па сутнасці дадзеных прэтэнзій прад'яўлена не было», — заявілі ў беларускім ваенным ведамстве. Там таксама адзначылі, што «Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь заўсёды было прыхільнае прынцыпам добрасуседства».

У гэтай сувязі беларускае Мінабароны «ў пацверджанне сваіх добрых намераў» прапанавала польскаму боку «правесці двухбаковую сустрэчу для абмеркавання гэтай заклапочанасці з абодвух бакоў». Адказу Мінск пакуль не атрымаў.

У беларускім Мінабароны таксама заўважылі, што польскі бок нарасціў напярэдадні ваенную прысутнасць на мяжы без паведамлення беларускаму боку. А гэта з'яўляецца парушэннем «двухбаковых дадатковых дамоўленасцяў аб рэгіянальных мерах даверу і бяспекі». Таму, лічаць у Мінску, абвінавачванні польскага боку неабгрунтаваныя і бяздоказныя, а польскае Міністэрства нацыянальнай абароны «не нацэленае на канструктыўнае вырашэнне пытання і наўмысна выводзіць канфліктную сітуацыю на палітычны ўзровень».

Польшча напярэдадні вымушаная была аператыўна нарасціць прысутнасць сілавікоў на польска-беларускай мяжы пасля таго, як сюды прыйшлі некалькі тысяч мігрантаў, нагадвае «Еўрарадыё». Уцекачы пачалі ламаць агароджы на мяжы, каб прайсці на польскую тэрыторыю. Польскія сілавікі спынілі мігрантаў. Тады тыя разбілі лагер проста на мяжы.