Дваровыя супольнасці Мінска далучыліся да акцыі «0 праміле»

У падтрымку лекара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна і журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч у дварах Мінска мінулым вечарам прайшлі акцыі салідарнасці. Людзі выстройваліся тварам да сцяны з паднятымі рукамі і прыціскалі да сцяны лісткі з надпісам «0%».

0promile_25_11.jpg


Такія акцыі, у прыватнасці, прайшлі ў жылым комплексе «Каскад», у мікрараёне Сухарава і ў Новай Баравой. Далучыліся да яе і работнікі хуткай дапамогі Мінска, перадае Еўрарадыё.

Напярэдадні такую акцыю правялі супрацоўнікі Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Іх калегу анестэзіёлага Арцёма Сарокіна затрымалі па падазрэнні ў разгалошванні медычнай таямніцы і прадастаўленні «недакладнай інфармацыі». Гаворка ідзе пра артыкул на партале TUT.BY, у якім сцвярджалася са спасылкай на лекара БХМД, што затрыманы на «Плошчы Перамен» Раман Бандарэнка, які пазней памёр у лякарні, быў цвярозы. Па гэтай справе затрыманая і аўтар артыкула журналіст партала Кацярына Барысевіч, яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара-анестэзіёлага бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення.