Дырэктарка «Белсата»: Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленне ўзамен на дэпартацыю

Дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў сваім фэйсбуку, што старшыні «Саюза палякаў Беларусі» Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленне са следчага ізалятара ўзамен на выезд з Беларусі.

09baf910_e380_439d_bc1f_c596c7ef34ce_w1023_r1_s.webp

«Вакольным шляхам я атрымала некаторую інфармацыю пра тое, што Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленне ўзамен на згоду аб дэпартацыі з Беларусі. Яна адмовілася. Выглядае, што аналагічная прапанова была зроблена і Анджэю Пачобуту, і адказ быў ідэнтычным. Мабыць (але я магу тут напісаць толькі "нібыта"), Ірэна Бярнацкая сказала ні "так", ні "не", і Марыя Цішкоўска была гатовая пагадзіцца. Бадай, Ганна Панішава знаходзіцца не ў лепшым фізічным і псіхічным стане», — напісала Рамашэўска-Гузы.

Паводле яе, піша «Свабода», дакладную інфармацыю немагчыма атрымаць, бо ад адвакатаў улады патрабуюць маўчання, пагражаючы пазбаўленнем ліцэнзіі. Сем’і арыштаваных не маюць магчымасці сустрэч, а ліставанне абмяжоўваюць.

«Такога стаўлення да вязняў не было нават у Польшчы падчас ваеннага становішча», — напісала Рамашэўска-Гузы.

Анжаліка Борыс з'яўляецца фігуранткай справы аб «распальванні нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыі нацызму», за што ёй пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Апрача Борыс, па гэтай справе праходзяць чальцы галоўнай рады арганізацыі: кіраўніца аддзялення ў Ваўкавыску Марыя Цішкоўская, кіраўніца аддзялення ў Лідзе Ірэна Бярнацкая, сябра галоўнай рады і журналіст Анджэй Пачобут і старшыня «Форуму польскіх мясцовых ініцыятыў» у Брэсце Ганна Панішава.

Усіх арыштаваных у «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.