Дзень народзінаў за кратамі: Марыя Калеснікава

Сёння за кратамі свой 39-ты дзень народзінаў сустракае Марыя Калеснікава.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_1_1_1_1.jpg


Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава была выкрадзеная 7 верасня ў Мінску і разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады — Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым — гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны.
Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізацыі спецаперацыі сілавікоў.
9 верасня стала вядома, што яна падазраваная ў крымінальным злачынстве па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). 21 снежня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 357 КК) супраць чальцоў Каардынацыйнай рады. Таксама Марыя Калеснікава стала фігуранткай крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК).
«Новы Час» віншуе Машу і жадае моцы, вытрымкі, аптымізму і найхутчэйшага вызвалення!
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Марыя Аляксандраўна Калеснікава