Кім Самусенка: Я веру ў лепшае! І свята для ўсіх нас будзе хутка!

Актывіст і сябра руху «Дзея» Кім Самусенка ўтрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага з 3 лістапада. Сёння журналістка НЧ атрымала ад яго ліст — прасякнуты аптымізмам і словамі падзякі ўсім, хто падтрымлівае вязняў.

samusenka_kim_tut.by3.jpg

Апошнім часам мы рэгулярна атрымліваем паведамленні, што вязням не аддаюць газету «Новы Час», на якую яны падпісаны. Піша пра гэта і Кім Самусенка. «На жаль, на мінулым тыдні НЧ не было. Спадзяюся, што гэта часовая з'ява і на гэтым тыдні ўсё будзе як мае быць. Бо адсутнасць сапраўдных навін — гэта адно з таго, ад чаго вельмі пакутуеш тут, асабліва, калі на волі была звычка сядзець на інфармацыйных плынях, і першае, што я рабіў зранку — не піў каву, а чытаў навіны. З іншага боку, я маю магчымасць тут на прыкладзе дзяржСМІ паглядзець, як у медыя полі нельга працаваць».
Кім Самусенка выказвае вялікую падзяку за падтрымку. «Вельмі прыемна чытаць, калі праз газету прыходзяць лісты. Тут я магу толькі ўяўляць, наколькі моцную падтрымку я і мая сям'я маем. І, шчыра кажучы, мне нават неяк няёмка, не ўяўляю, як потым усім дзякаваць за гэта, тым больш, што я сам далёка не святы і маю свае шкілеты ў шафе. А тут столькі годных людзей падтрымліваюць. Яшчэ раз дзякуй вам, і калі будзе магчымасць, перадавайце падзяку ўсім, хто падтрымлівае вас!»
Яшчэ палітвязень піша, што на мінулым тыдні атрымаў «радасную» навіну: «У гасцях мяне хочуць бачыць ад трох да васьмі год». Але спадзяецца на лепшае: «Паглядзім, як суд будзе, як знешнія фактары складуцца. Прынамсі, я веру ў лепшае! І свята для ўсіх нас будзе хутка!».
*****Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада пасля вобшукаў у яго дома і ў доме яго маці. Следчы камітэт заявіў, што ён і яго знаёмы датычныя да ўзлому кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама. Акрамя гэтага, Следчы камітэт заявіў, што Кім Самусенка «з'яўляўся актыўным ўдзельнікам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі сталіцы з 9 жніўня гэтага года».
Кіму прад'явілі абвінавачанні па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і па ч. 2 арт. 349 КК («Доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове»).
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Самусенку Кіму Андрэевічу.