«Трымайся, мая любімая грацыя». Святлана Ціханоўская павіншавала Марыю Калеснікаву

Былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да палітзняволенай Марыі Калеснікавай з нагоды яе дня нараджэння.

piket_tikhanovskaya_19072020_tutby_brush_phsl_0551.jpg

— Дарагая наша Маша, я віншую цябе з днём нараджэння, — павіншавала Святлана Ціханоўская сваю паплечніцу. — Вельмі хацела б зрабіць гэта асабіста, але, на жаль, цяпер гэта немагчыма. Ты-мой герой, ты маё натхненне, ты прыклад для пераймання. І вельмі часта ў цяжкія моманты мне так не хапае твайго аптымізму, тваёй энергетыкі і твайго жыццялюбства.

Але я веру, што вельмі хутка мы зможам сустрэцца, абняць адзін аднаго і пагаварыць пра ўсё на свеце. Трымайся, мая любімая грацыя.

Нагадаем, што Святлана Ціханоўская вяла сваю перадвыбарную праграму на чале аб'яднанага штабу, куды таксама ўваходзілі Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. На іх агітацыйныя мітынгі ў розных гарадах прыходзілі тысячы людзей. Тады іх называлі Тры Грацыі.

Пазней Ціханоўская і Цапкала пад пагрозаў арышту былі вымушаны з'ехаць з краіны, а Калеснікава адмовілася, разарваўшы на мяжы ўласны пашпарт. Яна знаходзіцца ў няволі з 7 верасня. Сёння Марыі Калеснікавай спаўняецца 39 гадоў.