Дзень Волі адзначылі ў Нью-Ёрку
25 сакавіка прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку пры падтрымцы Беларускай Асветніцкай Лігі Амерыкі зладзілі акцыю, прысвечаную Дню Волі.

Удзельнікі мерапрыемства сабраліся каля Консульства Расіі, дзе выказалі сваё абурэнне агрэсіўнымі дзеяннямі Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да суседніх дзяржаваў, асабліва да Украіны, і дэкларавалі патрабаванне скасавання існуючага фармальнага хаўрусу Беларусі з дзяржавай-агрэсарам.
Пасля пратэстоўцы рушылі праз увесь Манхэтан, уздоўж Цэнтральнага парку, да будынка Аб’яднаных Нацый, насуперак якога адбылася другая частка мітынгу.


Мясцовая паліцыя прыязна паставілася да імпрэзы. Афіцэры не толькі прадэманстравалі надзвычайную ветлівасць, але і давалі карысныя парады наконт маршруту, каб зрабіць акцыю заўважнай для большай колькасці людзей. Таксама на працягу ўсяго маршу калону суправаджаў паліцэйскі картэж — ён даваў дэманстрантам магчымасць рушыць нават на чырвонае святло і забяспечваў бяспечнае правядзенне акцыі.
Фіналам мерапрыемства стала вывешванне гістарычнага беларускага сцяга ў Цэнтральным вакзале мегаполіса.


Фотаздымкі Юрыя Эбера і Міхася Чаропкі.