Навіны дня. У краіне працягваюцца арышты, аднак Беларусь жыве!

У Беларусі працягваюць арыштоўваць і судзіць. За межамі краіны беларусы са сцягамі і плакатамі адзначаюць Дзень Волі і пратэстуюць супраць імперыі.

Дзень Волі ў Варшаве

Дзень Волі ў Варшаве

На Марка Бернштэйна, аўтара Вікіпедыі і блогера, завялі крымінальную справу. Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту яго перазатрымалі. Марк уваходзіў у спіс топ-50 найлепшых аўтараў Вікіпедыі ў рускамоўным сегменце. Яго затрымаў 11 сакавіка ГУБАЗіК МУС. Паводле інфармацыі праваабаронцаў — на запыт ФСБ Расіі за “фэйкавыя антырасійскія матэрыялы».
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні ў Мінску 25 сакавіка. Сярод затрыманых — Данііл Асавелюк, Арцём Сабалеўскі, Станіслаў Базарнаў, Аляўціна і Віктар Бяляўскія, Вячаслаў Загорскі, Сяргей і Галіна Філіпавы, Марыя Каржанеўская, Віктар Маразевіч.
Палітвязня Вадзіма Нікалаева адправілі ў калонію за чатыры каментары ў інтэрнэце. Яго абвінавацілі ў «распальванні варажнечы» і прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі.
Мікалай Казлоў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю. Палітзняволены быў асуджаны на тры месяцы арышту за «разгалошванне даных» па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады.
Батальён імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 25 сакавіка, у беларускі Дзень Волі, добраахвотнікі з батальёна Кастуся Каліноўскага прынялі зарок.
Дзень Волі адзначылі беларусы ў Нью-Ёрку, яны выказалі абурэнне агрэсіўнымі дзеяннямі Расіі каля Консульства РФ і прайшліся маршам па вуліцах.
У Варшаве таксама ўрачыста адзначылі Дзень Волі. 104 гады таму была абвешчаная БНР і дагэтуль беларусы працягваюць ісці да сапраўды незалежнай дзяржавы. Тады была пагроза існаванню краіны, якая ёсць і цяпер, таму сёння ўсе беларусы павінны сказаць, што Беларусь жыве.