Паглядзіце, які марш у гонар Дня Волі зладзілі беларусы ў Варшаве (шмат фота, відэа)
У Варшаве сёння праходзіць марш, прымеркаваны да Дня Волі — 104-й гадавіны ўзнікнення першага нацыянальнага беларускага дзяржавы. Трэцяя Устаўная грамата БНР была прынятая 25 сакавіка 1918 года. Людзі сабраліся на Варшаўскай плошчы Канстытуцыі. Рэпартаж з маршу зрабіў партал reform.news.

На мітынгу выступіла сябра прэзідыума КС і сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. Яна заявіла, што Беларусь мае вельмі агрэсіўнага суседа, які паказаў сябе ў Грузіі, а
цяпер ва Украіне. Па
яе словах, хацелася б адзначаць Дзень Волі ў іншай атмасферы. Яна выказала надзею, што сённяшні крызіс зробіць рэгіён мацней і на
першае месца выйдуць каштоўнасці і жыццё чалавека, а не
грошы і эканоміка. Вольга Кавалькова сказала, што
беларусы абавязкова сустрэнуць Дзень Волі ў Мінску, а цяпер трэба дапамагаць
Украіне.


Хор выканаў гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Палітык Павел Латушка сказаў, што 104 гады таму была
абвешчаная БНР і дагэтуль беларусы працягваюць ісці да сапраўды незалежнай
дзяржавы. Па яго словах, тады была пагроза існаванню краіны, якая ёсць і цяпер,
таму сёння ўсе беларусы павінны сказаць, што Беларусь жыве. Ён нагадаў, што
сёння беларусы змагаюцца і за вольную незалежную Украіну. Латушка падкрэсліў,
што для Беларусі важная незалежная Украіна і наша краіна можа быць незалежнай,
толькі калі будзе незалежнай Украіна. Ён дадаў, што цяпер ёсць шанц дамагчыся
таго, чаго беларусы хацелі ў 2020 годзе, — дэмакратычнага ўрада, каб народ
вырашаў сам за сябе, а не Лукашэнка за яго. Латушка таксама падкрэсліў, што
незалежнасць Беларусі важная для Польшчы, для ўсіх суседзяў і ўсяго вольнага
свету.


Дэпутат польскага Сейма ад «Грамадзянскай кааліцыі» Міхал Шчэрба падчас выступу заявіў, што ні свабодная Беларусь, ні свабодная Польшча не
даюць згоды на
выкарыстанне Расіяй Беларусі для агрэсіі супраць Украіны. Па
яго словах, Польшча падтрымлівае Украіну, але не забывае аб Беларусі і яе
палітвязнях.


Падчас выступу Святлана Ціханоўская сказала, што ў яе няма
слоў, каб апісаць боль, які адчуваюць беларусы і ўкраінцы. Яна выказала
пажаданне, каб кашмар хутчэй скончыўся і ўсе маглі вярнуцца дадому. Палітык
падкрэсліла, што ў краіну прыйшла вайна, рэжымы Пуціна і Лукашэнкі хочуць
пасварыць беларусаў з украінцамі, палякамі, літоўцамі.

Яна сказала, што беларусы — самастойны свабодалюбівы народ, а не частка імперыі, не «рускія са знакам якасці».
Паводле яе слоў, беларусы супраць любых спробаў агрэсара захапіць Украіну і супраць удзелу беларускага войска ў вайне. Яна падкрэсліла, што ўлада
Лукашэнкі не мае дачынення да народа. Ціханоўская сказала, што беларусы
патрабуюць вываду расійскіх войскаў з Беларусі.

«104 гады таму айцы-заснавальнікі БНР заклалі асновы
дзяржавы, за якую беларусы працягваюць змагацца і цяпер», — адзначыла яна.
Яна падзякавала ўсім прадстаўнікам дэмакратычных сіл за тое, што яны захоўваюць адзінства. Толькі так нас пачуюць, лічыць Ціханоўская. Яна заявіла, што дэмсілы працягваюць камунікаваць з урадам Польшчы над вырашэннем праблем беларусаў у Польшчы.







